нага тварыка пару тоўсценькіх ножак у вязаных чаравічках, і нарэшце быў вынесен у прыпадку моцнага гневу. Але ён дабіўся свайго, таму што праз некалькі хвілін бачыў я ў акно, як яго ўжо няньчыла маленькая Джэн.
Астатнія пяцёра дзяцей асталіся каля абедзенага стала, бо ў Флапсон знайшоўся нейкі іншы занятак, а больш да іх нікому не было справы.
Увечары мы паехалі катацца па рацэ. Пасля катання нас чакала вячэра, якая, магчыма, даставіла-б нам прыемнасць, каб не здарылася тут аднаго непрыемнага хатняга здарэння. Містэр Покет быў у вельмі добрым гуморы, як раптам з‘явілася пакаёўка і сказала:
— Выбачайце, сэр, мне патрэбна з вамі пагаварыць.
— Пагаварыць з вашым панам? — запыталася місіс Покет, зараз-жа стаўшы на абарону сваёй годнасці. — Як гэта магло прысці вам у галаву? Ідзіце і перагаварыце з Флапсон, ці скажыце мне ў другі раз.
— Выбачайце, сударыня, — адказала пакаёўка, — але мне неабходна перагаварыць з панам, і цяпер-жа.
Містэр Покет вышаў з пакоя, і мы пастараліся як-небудзь правесці час да яго звароту.
— Дзіўныя рэчы творацца ў нас, Белінда! — сказаў містэр Покет, варочаючыся сумны і заклапочаны. — У кухні на падлозе ляжыць у непрытомнасці п‘яная кухарка, а ў буфеце ў яе схаваны ў клунку вялікі кавалак свежага масла, які яна сцягнула, каб прадаць.
Місіс Покет зараз-жа ўзяла гэта горача да сэрца і сказала:
— Усё гэта штукі агіднай Соф‘і!
— Што ты хочаш гэтым сказаць, Белінда? — запытаўся містэр Покет.
— Гэта Соф‘я табе напляла? Хіба я сама не бачыла і не чула, як яна з‘явілася сюды і абвясціла, што хоча гаварыць з табою?
— Але-ж яна вадзіла мяне ўніз, Белінда, — запярэчыў містэр Покет, — і я сам бачыў і кухарку, і масла
145