— І ты яшчэ абараняеш яе, Мацью, калі яна распачынае ўсе гэтыя гісторыі!
Містэр Покет застагнаў.
— Варта было мець такога дзядулю, як у мяне, каб у маім уласным доме мяне за нішто лічылі? — казала далей місіс Покет. — Да таго-ж кухарка заўсёды была добрая, паважаная жанчына, і, калі наймалася, дык шчыра сказала мне, што я народжана быць герцагіняю.
Містэр Покет як стаяў ля канапы, так і паваліўся на яе. І калі я, ідучы спаць, падышоў да яго развітацца, ён, не ўстаючы з канапы, вымавіў:
— Спакойнай ночы, містэр Піп.
РАЗДЗЕЛ XXII
Дні праз два-тры пасля таго, як я ўладзіўся ў сваім пакоі, пабываў некалькі разоў у Лондане і заказаў сваім пастаўшчыкам усё неабходнае, у мяне з містэрам Покетам адбылася даволі доўгая гутарка. Ён ведаў больш чым я аб тым, якая будучыня чакае мяне, таму што, як ён гаварыў са слоў містэра Джагерса, мяне не рыхтуюць ні да якой пэўнай прафесіі, і што я павінен быць выхаваны так, каб стаяць на ўзроўні з маладымі людзьмі заможных сем‘яў. Я нічога не мог запярэчыць супроць гэтага.
Ён параіў мне наведваць некаторыя навучальныя ўстановы для набыцця самых неабходных ведаў і ўзяў на сябе растлумачваць мне ўсё незразумелае і наогул кіраваць маімі заняткамі. Ён спадзяваўся, што пры ўважлівых адносінах да справы мне не сустрэнецца асаблівых цяжкасцей, і што я скора буду мець магчымасць абмяжоўвацца выключна яго навучаннямі.
Калі я пачаў сур‘ёзна займацца, мне прышло ў галаву, што, калі-б я мог утрымаць за сабою мой пакой у Барнардавым падвор‘і, маё жыццё было-б больш рознастайным, а мае манеры, вядома, не пацярпелі-б ад
146