можа быць, я і пераўвялічыў яе гады, як гэта ўласціва маладосці. Яна была даволі высокая, з тонкаю, стройнаю фігураю, вельмі бледным тварам, вялікімі светлымі вачыма і густымі распушчанамі валасамі. Не ведаю чаму, — можа ў яе быў парок сэрца, — але толькі рот яе быў поўадкрыты, нібы яна задыхалася, і гэта надавала яе твару дзіўнае выражэнне спяшлівасці і спалоху. Праз шмат гадоў мне ўдалося са здзіўляючай яснасцю ўваскрасіць у сваёй памяці вобраз гэтай жанчыны, змясціўшы за сінім агнём палаючага пунша ў цёмным пакоі другі жаночы твар, зусім на яе непадобны, але таксама з густымі распушчанымі валасамі.
Назіраючы за эканомкаю з асаблівай увагаю часткова дзякуючы яе дзіўнаму выгляду, часткова ў выніку папярэджання Веміка, я заўважыў, што, калі яна была ў пакоі, яна не зводзіла вачэй з майго апекуна і заўсёды шпарка адрывала рукі ад блюда, нібы баялася, што ён верне яго або загаворыць з ёю. І мне здавалася, што ён вельмі добра гэта ведаў і наўмысле трымаў увесь час яе пад страхам.
Абед прайшоў даволі весела, і хоць мой апякун, як відаць, толькі падтрымліваў, а не накіроўваў агульную гутарку, я вельмі добра, аднак, усведамляў, што ў сапраўднасці ён кіраваў ёю, вельмі спрытна выведваючы слабыя бакі кожнага з нас.
У канцы абеду, калі падалі сыр, гутарка перайшла на нашы катанні па рацэ, і мы пачалі падсмейвацца над Дрэмлем за яго прывычку паўзці ўдоўж берагу на манер чарапахі. У адказ на гэта Дрэмль паспяшыў паведаміць гаспадару, што ён лічыць за лепшае катацца адзін, таму што не цікавіцца нашай кампаніяй, хоць у справе спрытнасці ён смела мог-бы быць нашым настаўнікам, і варта яму толькі дзьмухнуць, каб мы разляцеліся ў розныя бакі, як саломінкі. Нейкімі аднаму яму вядомымі выкрутасамі апякун паспеў давесці Дрэмля да апошняй ступені задору, і той, закасаўшы
157