Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/180

Гэта старонка не была вычытаная

роспачы, да помсты ці абяцала пакутлівую смерць, то і тады-б яно наўрад ці было больш падобным на праклён, чым цяпер, у яе вуснах.

— Я раскажу табе, — мармытала яна палкім шэптам, — што такое сапраўднае каханне. Гэта — сляпая адданасць, поўнае самаафяраванне і падпарадкаванне, давер‘е — наперакор відавочнасці, вера, здольная змагацца з цэлым светам, гэта беззаветнае прысвячэнне ўсіх сіл душы і сэрца каханай істоце! Я сама так кахала!

Дзікі крык вырваўся з яе грудзей, калі яна вымавіла гэтыя словы. Яна ўскочыла з крэсла і сударажна кінулася наперад у сваім плацці, якое развявалася, як саван, а я стрымліваў яе за талію, бо мне здавалася, што яна здольна цяпер насмерць разбіцца аб сцяну.

Садзячы яе ў крэсла, я адчуў добра знаёмы мне пах і, павярнуўшыся, убачыў свайго апекуна.

Ён заўсёды насіў — я, здаецца, забыўся ўпамянуць аб гэтым — раскошныя фуляравыя насавыя хусткі велізарных размераў, і ў гэтую хвіліну ён трымаў у руках насавую хустку.

Заўважыўшы мой позірк, ён урачыста вымавіў пасля кароткай паўзы:

— Так, гэта дзіўна! — і высмаркаўся са здзіўляючым эфектам.

Міс Гевішам заўважыла яго адначасова са мною. Яна, як і ўсе, баялася яго. Перамогшы свой непакой, яна прамармытала, што ён акуратны, як заўсёды.

— Як заўсёды, — адказаў ён, падыходзячы да мяне. — Як справы, Піп? Ці не пракаціць вас, міс Гевішам? Дык вы тут, Піп?

Я паведаміў яму, што прыехаў сюды, выкліканы міс Гевішам, якая пажадала, каб я пабачыўся з Эстэлаю, на што ён адказаў:

— О, яна чароўная асоба!

179