Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/184

Гэта старонка не была вычытаная

рашучасць, самаўпэўненасць і недавер‘е да сябе, натхненне і лятуценнасць.

Я задумаўся на хвіліну, каб праверыць у галаве, ці сапраўды мой характар уяўляе сабою такую неймаверную сумесь. Некаторых рыс, на якія указаў Герберт, я не знаходзіў у сабе, але аб гэтым не варта было гаварыць.

— Калі я пытаюся, Герберт, хто я такі ў цяперашні час, — гаварыў я далей, — я толькі выражаю словамі думку, якая часцей за ўсё цікавіць мяне. Ты назваў мяне шчаслівым. Але падумай, я-ж нічога не зрабіў сам для сябе, а ўсё атрымаў з рук лёсу. Вядома, у мяне шмат шансаў на поспех, але як толькі падумаю я пра Эстэлу…

— А калі ты пра яе не думаеш, — спыніў мяне Герберт, — табе спакайней?

Ён зноў глядзеў на агонь, што было вельмі далікатна з яго боку.

— Не. Тады, дарагі Герберт, я канчаткова губляюся: будучае ўяўляецца мне няпэўным, і мне здаецца, што тысячы выпадковасцей гатовы абрушыцца на мяне. Не гаворачы аб забароненым пытанні, я магу толькі дадаць, што ўсе мае надзеі аснаваны на пастаянстве адной асобы, — імя якой таксама спамінаць не буду, — і што яны яшчэ вельмі невыразныя і няпэўныя.

Выказаўшы гэта, я аблягчыў сваю душу ад гнёту, які заўсёды вісеў на ёй і стаў асабліва нясцерпным з учарашняга дня.


РАЗДЗЕЛ XXIX

Аднаго разу, калі я займаўся з містэрам Покетам, мне падалі пісьмо, адзін выгляд якога незвычайна ўсхваляваў мяне, бо я зараз-жа здагадаўся, адкуль яно, хоць ніколі не бачыў почырку, якім быў напісаны адрас. Пісьмо пачыналася не са слоў: «Дарагі містэр Піп» ці «Дарагі Піп», ці нарэшце «Дарагі» — не ведаю

183