быў падобен на ўчарашняга незнаёмца, толькі твар у яго быў другі ды замест анучы на галаве тырчэў нізкі, шырокаполы капялюш. Усё гэта я разглядзеў у адну секунду; ды ён і аставаўся перада мною не больш як секунду, вылаяў мяне, няёмка замахнуўся на мяне кулаком, ад чаго сам ледзь не ўпаў, і знік у тумане, спатыкнуўшыся разы два на бягу.
«Малойчык!» падумаў я. Сэрца ў мяне так і замерла, — напэўна, забалела-б і пячонка, каб ведаў я ў той час, дзе яна змяшчаецца.
Неўзабаве я дабраўся да батарэі. Там мяне чакаў мой учарашні незнаёмец. Ён па-ранейшаму чыкіляў узад і ўперад, моцна ахапіўшы сябе абодвума рукамі, — здавалася, ён прахадзіў так усю ноч. Было відаць, што ён страшэнна змёрз. Я так і чакаў, што ён упадзе і тут-жа на месцы памрэ ад холаду. Ён глядзеў такімі гадоднымі вачыма, што, калі я падаў яму падпілак, мне здалося, што ён абавязкова папрабаваў-бы яго з‘есці, калі-б не бачыў майго клуначка. На гэты раз ён не пераварочваў мяне дагары нагамі, каб заўладаць маімі запасамі, а пакінуў мяне спакойна стаяць на нагах, развязваць клуначак і апаражняць кішэні.
— У бутэлечцы-то што ў цябе, хлапчук? — запытаўся ён.
— Гарэлка, — адказаў я.
Ён ужо набіваў сабе рот рубленым мясам, але, пачуўшы пра гарэлку, кінуў есці і пачаў піць. Увесь час ён так страшна дрыжэў, што яму каштавала незвычайных намаганняў трымаць бутэлечку між зубоў і не разгрызці яе папалам.
— Мусіць, у вас ліхарадка, — сказаў я.
— Я і сам гэта думаю, хлопча, — адказаў ён.
— Тут месца вельмі дрэннае, — казаў далей я. — Вы спалі на зямлі, а гэта вельмі шкодна: таго і глядзі, схопіш ліхарадку або рэўматызм.
18