брыльянтамі, таму што яны амаль усе цяпер належаць мне.
Эстэла ўпершыню назвала мяне проста па імені. Зразумела, яна зрабіла гэта свядома, вельмі добра разумеючы, што я не прапушчу гэтага міма вушэй.
Мы прыехалі ў Рычмонд і дасягнулі мэты свайго падарожжа, як мне здалося, залішне скора. Перад намі быў паважаны старадаўні дом, размешчаны сярод лугавінкі. У цішыні месячнай ночы забразгатаў званочак, і хутка дзве румяныя, як вішні, дзяўчыны вышлі сустрэць Эстэлу.
Яе багаж хутка знік за ўваходнымі дзвярыма, а следам за імі знікла і Эстэла, паціснуўшы мне руку і ўсміхнуўшыся на развітанне. А я ўсё стаяў перад домам і думаў, якое вялікае шчасце было-б жыць з ёю, ўсведамляючы ў той-жа час, што я і тут быў-бы не шчаслівым, а жалкім перад ёю.
Нарэшце я сеў у карэту і паехаў назад у Гамерсміт, не атрымаўшы супакаення.
РАЗДЗЕЛ XXX
Прызвычаіўшыся крыху да сваіх надзей, я пачаў мімаволі назіраць, як дзейнічаюць яны на мяне самога і на акружаючых. Як ні стараўся я не заўважаць іх уплыву на мой характар, я ўсё-такі ўсведамляў, што ўплыў гэты быў далёка не добры. Мяне заўсёды мучыла ўсведамленне вінаватасці перад Джо, а таксама і перад Бідзі. Часта, прачынаючыся ўночы, я з горкім пачуццем думаў аб тым, што быў-бы і больш шчаслівы і лепшы, калі-б ніколі не бачыў міс Гевішам і калі-б вырас ў старой кузні вучнем сумленнага Джо, здаволены сваім лёсам. Часта па вечарах, калі я адзінока сядзеў перад камінам, мне здавалася, што ўсё-такі няма на свеце ачага больш прыветнага, чым наш кавальскі горан ці кухонная печ. Але вобраз Эстэлы так неадчэпна ўплятаўся ва ўсе мае непакойныя мары,
189