Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/193

Гэта старонка не была вычытаная

чыркам загаловак: «Баланс даўгоў Піпа», клапатліва адзначаючы: «Барнардава падвор‘е, такога-то чысла».

Герберт таксама браў аркуш паперы і выводзіў такі-ж самы загаловак: «Баланс даўгоў Герберта».

Праз некаторы час я пытаў у Герберта, як яго справы. Герберт спачатку пачосваў галаву, гледзячы на вынікі, якія ўсё разрасталіся, і казаў:

— Даўгі растуць, Гендзель, растуць, клянуся жыццём!

— Будзь цвёрды, Герберт, — адказваў я, пачынаючы скрыпець пяром з асаблівай стараннасцю, — зірні на справу проста: высветлі ўсё — і не палохайся!

— І рад-бы, Гендзель, ды нічога не зробіш!

Тым не менш мой рашучы тон дзейнічаў, і Герберт зноў браўся за работу. Праз хвіліну ён зноў кідаў з тае прычыны, што нехапала рахунка якога-небудзь Кобса, Лобса ці Нобса, гледзячы на акалічнасці.

— Дык вось што, Герберт, — вазьмі максімум, акруглі лічбу і ўпішы ў баланс.

— Вось гэта думка! — адказваў у здзіўленні мой прыяцель. — Дапраўды, у цябе надзвычайная практычная кемлівасць!

Мая бухгалтэрыя мела яшчэ адну бліскучую якасць, якую я назваў «акругленнем вынікаў». Дапусцім, напрыклад, даўгі Герберта дасягалі шасцідзесяці чатырох фунтаў, чатырох шылінгаў двух пенсаў. Тады я казаў: «Акруглім і напішам: дзвесце фунтаў». Або, дапусцім, мае даўгі былі ў чатыры разы большыя, і я таксама «акругляў» іх да сямісот фунтаў. Я быў вельмі высокай думкі аб камерцыйных уласцівасцях свайго «акруглення», але цяпер, успамінаючы мінулае, павінен прызнаць яго вельмі нявыгадным прыёмам, таму што мы звычайна рабілі зараз-жа новыя даўгі, каб апраўдаць зробленае «акругленне», а часам, захапіўшыся прастатою гэтага сродку выплаты, вымушаны бывалі рабіць новыя «акругленні».

192