Памаўчаўшы крыху, Вемік з захапленнем выпаліў:
— Ведаеце, містэр Піп, адно скажу вам, — гэта будзе д‘ябальскі добрая штука.
— Дык абяцайце-ж дапамагчы мне.
— Чорт вазьмі! — адказаў Вемік, пакачваючы галавою. — Не па маёй часці гэтая справа.
— Дык-жа тут вы і не займаецеся сваёй звычайнай справай, — запярэчыў я.
— Ваша праўда, — згадзіўся ён, — вы папалі ў самую точку, містэр Піп. Калі вы хочаце, я падумаю. Лічу, што справу патрэбна ўладзіць памаленьку. Скіфінс, брат мілэдзі, гандлёвы агент. Трэба пабачыцца з ім і абмеркаваць.
Не прайшло і тыдня, як я атрымаў ад Веміка запіску з адзнакаю «з Вальворта», у якой паведамлялася, што ён паспеў рушыць наперад задуманую намі справу і жадаў-бы асабіста перагаварыць са мною. Я яшчэ некалькі разоў бываў у яго замку і часта бачыўся з ім у Сіці; але ў Літль-Брытэн мы ніколі ні словам не закраналі гэтага прадмета. Нарэшце мы адшукалі маладога, але паважанага купца ці карабельнага маклера, які нядаўна завёў сваю ўласную справу, меў патрэбу ў маладым спраўным памочніку з капіталам і згаджаўся з часам прыняць яго ў кампаньёны. Мы з ім падпісалі тайны дагавор наконт Герберта. Я заплаціў яму палову з сваіх пяцісот фунтаў і абавязаўся ўносіць наступныя плацяжы часткова з маёй рэнты, часткова са свайго капітала, калі атрымаю яго. Брат міс Скіфінс вёў канчатковыя перагаворы, а Вемік ўвесь час клапаціўся аб падрыхтоўцы справы, хоць і не ўдзельнічаў у ёй асабіста.
Справа вялася так умела, што Герберт і не падазраваў, што я ў ёй прымаю ўдзел. Ніколі не забуду я яго радасці, калі ён аднаго разу, вярнуўшыся дадому, паведаміў мне цікавую навіну аб тым, што сышоўся з нейкім Клерыкерам (так звалі маладога
206