— Надзіва ўдачна. І іншыя, хто паехаў са мною разам, добра ўладзіліся, але я ўсіх апярэдзіў. Гэта праўда ўжо.
— Вельмі рад чуць.
— Я быў ўпэўнен, што вы будзеце рады гэтаму, дружа мой!
Не стараючыся разгадаць сэнсу гэтых слоў і таго дзіўнага тону, якім яны былі сказаны, я перайшоў да другога прадмета, аб якім дарэчы ўспомніў.
— Ці бачыліся вы, — запытаў я, — з тым чалавекам, якога вы пасылалі да мяне пасля таго, як ён выканаў ваша даручэнне?
— Не, не бачыўся, ды і не мог бачыцца.
— Ён чэсна выканаў усё і перадаў мне два фунтовых білеты; тады я быў, як вам вядома, бедным хлапчуком, і для мяне гэта было цэлае багацце. Але з таго часу, падобна вам, і я разбагацеў. Дазвольце-ж вярнуць вам гэтыя грошы, а вы іх можаце падарыць другому беднаму хлапчуку.
Я ўжо выцягнуў з кішэні кашалёк.
Ён сачыў за маімі рухамі, калі я клаў яго на стол і вымаў з яго два білеты. Яны былі новенькія і чысценькія; я разгарнуў іх і працягнуў яму. Гледзячы на мяне, ён паклаў іх адзін на адзін, павольна скруціў у трубку і спаліў на лямпе, так што попел пасыпаўся на паднос.
— Асмелюся запытацца, — сказаў ён з усмешкаю, якая была падобна на грымасу, або з грымасаю, якая нагадвала ўсмешку, — якім чынам вы разбагацелі з таго часу, як мы сустрэліся там на балоце?
— Якім чынам?
— Так.
Ён асушыў сваю шклянку, устаў і выпрастаўся перад камінам, паклаўшы сваю цяжкую мазолістую руку на камінную дошку. Адну нагу ён паставіў на самую рашотку, каб лепш ў адагрэць і абсушыць яе, — і вось ад
219