Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/237

Гэта старонка не была вычытаная

ён і быў, ён не змог нічым-бы мне дапамагчы. Ад Джагерса я пайшоў проста да сябе ў Тэмпль і застаў свайго госця зусім спакойна распіваючым грог і сасучым сваю насагрэйку.

На наступны дзень былі прынесены заказаныя мною плацці, і ён прыбраўся ў новае. Але, што-б ён на сябе ні надзяваў, усё ішло да яго як да каравы сядло, ва ўсякім новым плацці ён быў яшчэ горш, чым у ранейшым, прынамсі так мне здавалася.

Калі ён не спаў, ён вымаў з кішэні зашмальцаваныя карты, раскладваў нейкі складаны пасьянс (такога пасьянса я ні раней, ні пасля не бачыў) і ўсякі раз, як ён выходзіў, рабіў на стале адзнаку сваім складным нажом. Ці, калі карты не выцягваліся, ён прасіў мяне пачытаць «з чужаземнай кніжкі». Ён не разумеў ні слова з таго, што я чытаў, але станавіўся ля каміна і глядзеў на мяне з выразам трымацеля музея рэдкасцей, паказваючага публіцы якое-небудзь незвычайнае дзіва. Паглядаючы зрэдку на яго скрозь пальцы рукі, якою я прыкрываў твар, я бачыў, як ён звяртаўся з рознымі жэстамі да сталоў і крэслаў, запрашаючы іх звярнуць увагу на маё майстэрства.

З хвіліны на хвіліну я чакаў Герберта і не адважваўся выходзіць з дому; толькі цёмнымі вечарамі я выводзіў Провіса падыхаць чыстым паветрам.

Аднаго разу ўвечары, змучаны бяссонніцаю, якая перамешвалася са снамі, я задрамаў у крэсле. Раптам мяне разбудзілі знаёмыя крокі на лесніцы. Провіс, які таксама спаў, пачуўшы шум, умомант ускочыў, і я ўбачыў, як у яго руцэ бліснуў складны нож.

— Супакойцеся, гэта Герберт! — ускрыкнуў я, і ў тую-ж хвіліну ў пакой уварваўся Герберт, уносячы з сабою струмень свежасці і весялосці пасля свайго падарожжа па Францыі.

— Любы Гендзель! Добры вечар, добры вечар і яшчэ раз добры вечар! Мне здаецца, што цэлы год

236