Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/240

Гэта старонка не была вычытаная

у яго ў галаве цяпер коні, экіпажы і іншыя безразважныя траты; трэба-ж як-небудзь яго спыніць.

— Ты лічыш немагчымым прымаць…

— Сам памяркуй, ці магу я? — вырвалася ў мяне. — Падумай аб ім, зірні на яго!

Мы абодва здрыгануліся ад агіды.

— Адно мяне пужае, Герберт: гэта яго моцная прыхільнасць да мяне. Якая насмешка лёсу!

— Мілы, бедны Гендзель, — паўтарыў Герберт. — Пакуль ён знаходзіцца ў Англіі, ты ў яго руках: калі ты яго кінеш, ён абавязкова аддасца ў рукі паліцыі.

Гэтая-ж думка мучыла мяне, як толькі я сустрэўся з ім; калі яна прыходзіла мне ў галаву, я пачынаў глядзець на сябе як на яго забойцу. У жаху ўскочыў я з крэсла і забегаў па пакою.

Я адказаў Герберту, што нават у тым выпадку, калі Провіс не сам сябе выдасць, а яго знойдуць і арыштуюць, я ўсё-такі буду ў роспачы, паколькі прычынаю катастрофы буду ўсё-такі я, хоць адбудзецца яна і не па маёй віне.

— Так, калі гэта здарыцца, я буду адчуваць сябе страшэнна няшчасным, — заключыў я, — хоць я няшчасны і цяпер, калі ён на волі, калі ён каля мяне. Ах, лепш-бы мне ўсё жыццё аставацца работнікам у кузні Джо, чым перажываць такія хвіліны!

Але, як-бы там ні было, а пытанне, што рабіць, усё-ж не было вырашана.

— Першае, самае галоўнае, што трэба зрабіць, гэта вывезці яго з Англіі, — сказаў Герберт. Калі ты згодзішся паехаць разам з ім, яго лёгка можна будзе ўгаварыць.

— Але, куды-б я яго ні завёз, я не здолею перашкодзіць яго звароту, у выпадку калі ёй пажадае вярнуцца.

239