Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/241

Гэта старонка не была вычытаная

Герберт узяў мяне пад руку і пачаў павольна хадзіць са мною па пакою. Мы хадзілі, не падымаючы вачэй; можна было падумаць, што мы ўважліва вывучаем малюнак каўра.

— Гендзель, — сказаў ён, раптоўна спыняючыся, — ты зусім упэўнен, што не можаш далей карыстацца яго шчодрасцю?

— Зусім упэўнен. І ты, вядома, рашыў-бы таксама, калі-б быў на маім месцы.

— Ты канчаткова ўпэўнен, што павінен парваць з ім ранейшыя адносіны?

— Герберт, ці можаш ты сумнявацца ў гэтым?

— Але ты даражыш і, вядома, абавязан даражыць яго жыццём, якім ён рыскаваў дзеля цябе, і лічыш абавязкам утрымліваць яго ад усякага небяспечнага кроку. Значыцца, няма чаго і думаць аб сваім вызваленні, раней чым ты не ўдаліш яго з Англіі. Але як толькі ты яго сплавіш, дзеля бога, выпутвайся хутчэй сам, і тады ўжо мы разам абмяркуем, за што табе ўзяцца.

Пасля гэтых слоў мы паціснулі адзін аднаму рукі і моўчкі прайшліся некалькі разоў па пакою; але якім уцяшэннем быў для мяне гэты сяброўскі поціск рукі!

— Цяпер, Герберт, на чарзе стаіць другое пытанне: як нам зрабіць, каб даведацца пра яго гісторыю? Я ведаю ўсяго адзін спосаб: проста папрасіць яго расказаць нам сваё жыццё.

— Добра, — сказаў Герберт. — Папрасі яго аб гэтым заўтра-ж, за снеданнем. (Провіс сказаў на развітанне, што прыдзе да нас на другі дзень снедаць.)

Провіс прышоў у назначаную гадзіну, дастаў свой складаны нож і ўзяўся за яду. Ён паведаміў нам мноства планаў адносна свайго джэнтльмена, які павінен неадкладна «развярнуцца на ўсю», як належыць сапраўднаму джэнтльмену, і настойваў, каб я хутчэй «трасянуў» бумажнікам, пакінутым у маім распараджэнні. Ён глядзеў на маю тэмпльскую кватэру і на

240