зручней прапанаваць Провісу паехаць за граніцу: ці выдумаць, быццам у нас ёсць апасенне, што за ім сочаць, ці паставіць на від, што я ніколі яшчэ не бываў у чужых краях. Мы ведалі, што ён згодзіцца на такую прапанову, і абодва сышліся на думцы, што доўгі час пакідаць яго ў цяперашнім небяспечным становішчы немагчыма.
На наступную раніцу я самым нізкім чынам схлусіў, быццам павінен выканаць данае Джо абяцанне і паехаць да яго. Провіс даў слова захоўваць найвялікшую асцярожнасць увесь час, пакуль я буду ў адлучцы, а Герберт павінен быў узяць на сябе мае абавязкі. Я меў намер прабыць у адсутнасці не больш сутак, і Провіс прымусіў мяне паабяцаць, што, вярнуўшыся ў Лондан, я пачну жыць на шырокую нагу, як належыць багатаму джэнтльмену. У мяне, — і ў Герберта, як я пасля даведаўся, — тады яшчэ мільгнула думка: завезці яго на кантынент быццам для таго, каб зрабіць закупкі, неабходныя для раскошнага абсталявання маёй будучай кватэры.
Падрыхтаваўшы такім чынам глебу, я мог бесперашкодна паехаць да міс Гевішам. Я выехаў першым ранішнім дыліжансам задоўга да світання. Калі мы пад‘ехалі да «Блакітнага Вепра» пад дробным дажджом, які праследаваў нас усю дарогу, як-бы вы думалі, які джэнтльмен, з зубачысткаю ў руках вышаў на ганак гасцініцы паглядзець на прыехаўшы дыліжанс? Не хто іншы, як Бентлі Дрэмль! Ён зрабіў выгляд, быццам не заўважыў мяне, я зрабіў выгляд, быццам не заўважыў яго; прыкідваліся мы абодва надзвычай няўдала, тым больш, што потым разам увайшлі ў агульную залу гасцініцы, дзе ён толькі што скончыў снедаць і куды я загадаў падаць мне чаю. Седзячы за сваім сталом і чакаючы пакуль пададуць снеданне, я зрабіў выгляд, быццам чытаю старую зашмальцаваную газету, у якой немагчыма было
248