Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/252

Гэта старонка не была вычытаная

Нам абодвум было ясна, што без пабочнага ўмяшання ніхто з нас ні за што на свеце не адыйдзе ад каміна. І вось мы стаялі тут у аднолькавых позах, плячом к плячу, нагой к назе, заклаўшы за спіну рукі, ні на волас не саступаючы з месца. Праз туманную сетку шэрані відаць быў конь, які стаяў ля ганку; маё снеданне стыла на стале; лакей, які прыняў снеданне Дрэмля, не раз напамінаў мне, што есці падана; я ў адказ толькі ківаў галавою яму, і ні Дрэмль, ні я не краналіся з месца.

Не ведаю, як доўга мы прабылі-б у гэтым камічным становішчы, калі-б у залу не ўваліліся трое вясёлых фермераў. Яны ўвайшлі, расшпільваючы на хаду паліто і паціраючы змерзшыя рукі, і зараз-жа кінуліся да агню; воляй-няволяй мы вымушаны былі ўступіць ім свае месцы.

Я бачыў з акна, як Дрэмль, учапіўшыся за грыву каня, палез на сядло са сваёю звычайнаю нязграбнасцю, як ён выехаў з двара, перавальваючыся з боку на бок, гойдаючыся ва ўсе бакі. Я думаў, што ён ужо далёка, як раптам ён зноў з‘явіўся ля ганку, пытаючыся агню для сігары, якую так і забыўся закурыць. Нейкі чалавек у вопратцы пыльнага колеру выканаў яго загад.

Я не ведаў, адкуль узяўся гэты чалавек: ці ён вышаў з двара гасцініцы, ці ён праходзіў проста па вуліцы, ці з‘явіўся яшчэ адкуль-небудзь, але, калі Дрэмль нахіліўся да яго з сядла, каб закурыць сігару, і са смехам кіўнуў на вокны таго пакоя, дзе я знаходзіўся, мне здалося, што чалавек, які стаяў да мяне спіною, нагадвае Орліка сваімі ўскалмачанымі валасамі і ўздрыгваючымі плячыма.

У тую хвіліну я быў надта расстроены і заклапочаны, каб звярнуць увагу на гэтае падабенства, і не пастараўся дазнацца, ці сапраўды гэта быў Орлік.

251