тым яснага ўяўлення; цяпер, калі я бачыў перамену, якая адбылася ў ім, калі яму з-за мяне пагражала смяртэльная небяспека, я далёка не быў упэўнен, ці хопіць у мяне духу пакінуць яго.
Адносна-ж перамены майго вобраза жыцця цяпер не можа быць і гутаркі, казаў я; ён сам павінен зразумець, што пачаць жыць на шырокую ногу цяпер, пры сучасных цяжкіх акалічнасцях, калі не ведаеш сёння, што будзе заўтра, з майго боку будзе проста смешна, каб не сказаць горш.
Провіс і тут згадзіўся са мною і наогул трымаўся на гэты раз вельмі разважліва. Ён усведамляў, што яго зварот у Англію быў, вядома, рыскоўным крокам і, зразумела, ён не зробіць нічога такога, што магло-б канчаткова загубіць яго справу, але ніколькі за сябе не баіцца, маючы такіх добрых памочнікаў.
Тут Герберт, які задуменна глядзеў на агонь, выказаў выкліканую парадамі Веміка думку, якую, на яго погляд, нам не шкодзіла-б як мага хутчэй ажыццявіць.
— Мы з табою, Гендзель, добрыя грабцы і змаглі-б, калі прыдзе пара, адвезці яго самі ўніз па цячэнню; тады не трэба будзе наймаць ні лодкі, ні лодачнікаў, і лягчэй будзе выратавацца ад праследавання, а тут нічым не трэба грэбаваць. Мне здаецца, што лепш за ўсё было-б цяпер-жа набыць уласную шлюпку, паставіць яе ля Тэмпльскай прыстані і часцей катацца на ёй уверх і ўніз па рацэ. Калі-б ты ўвёў гэта ў звычай, твае рачныя прагулкі не звярталі-б на сябе ўвагі: калі цябе ўбачаць дваццаць ці пяцьдзесят разоў, то не ўбачаць нічога асаблівага ў тым, што ты выедзеш дваццаць першы або пяцьдзесят першы раз.
Мне гэты план спадабаўся, а Провіс быў ад яго ў захапленні. Было вырашана неадкладна прыступіць да яго выканання. Спачатку мы з Гербертам настойвалі
267