наперад сказаць вельмі цяжка. І той і другі зыход мае шмат шансаў.
— Ці магу запытацца, пра якія два зыходы вы гаворыце?
— Чалавек такога характару, як наш агульны знаёмы, ці б‘е, ці поўзае ля ног. Ён можа поўзаць з нараканнем ці поўзаць без наракання, але абавязкова адно з двух: ці ён б‘е, ці поўзае. Запытайце ў Веміка, якой ён аб гэтым думкі.
— Ці б‘е, ці поўзае, — пацвердзіў Вемік, звяртаючыся не да мяне, а да містэра Джагерса.
— Вып‘ем-жа за здароўе місіс Бентлі Дрэмль, — абвясціў Джагерс, дастаючы з буфета бутэльку самага дарагога віна, і, напоўніўшы нашы чаркі, наліў і сабе, — і пажадаем, каб пытанне аб пяршынстве вырашылася на поўнае задаволенне гэтай лэдзі! Да ўзаемнага задаволення і лэдзі і джэнтльмена гэтае пытанне не можа вырашыцца. Молі, Молі, куды вы дзеліся? Як вы сёння капаецеся.
Не паспеў ён гэта сказаць, як Молі ўжо стаяла за яго спіною з наступнаю стравай. Паставіўшы яе на стол, яна адступіла крокі на два і ўсхвалявана прамармытала нейкае прабачэнне, нервова перабіраючы пальцамі. Гэты рух яе рук мімаволі звярнуў на сябе маю ўвагу.
— Што з вамі? — запытаўся ў мяне містэр Джагерс.
— Са мною? Нічога, толькі гутарка, якую мы вядзем, мне не зусім прыемна.
Рукі эканомкі рухаліся так, як быццам яна вязала. Позірк яе быў накіраваны на Джагерса; яна па яго вачах старалася адгадаць, ці можна ёй пайсці, ці яна яшчэ будзе патрэбна, і глядзела на яго з напружанай увагай. Так, вядома, я бачыў у адзін памятны дзень, вельмі нядаўна, такія-ж вочы, такія-ж рукі.
Джагерс дазволіў ёй пайсці, і яна знікла з пакоя,
272