але вобраз яе як жывы стаяў у мяне перад вачыма. Я ўглядаўся ў гэтыя вочы, у гэтыя рукі, у гэтыя распушчаныя валасы і параўноўваў іх з другімі, так знаёмымі мне вачыма, валасамі, рукамі, якія як дзве кроплі вады будуць падобны на гэтыя праз дваццаць гадоў катаржнага жыцця з гэтай жывёлай, якая сталася яе мужам.
Калі, зараз-жа пасля размовы аб Эстэле я ўбачыў гэтыя рукі, якія рухаліся як у часе вязання, і гэтыя пільна глядзеўшыя рочы, у маёй галаве злучыліся два ўяўленні, паміж якімі да гэтага часу не было нічога агульнага. Цяпер я быў упэўнены, што эканомка містэра Джагерса — маці Эстэлы.
Містэр Джагерс бачыў не раз мяне разам з Эстэлаю, і, зразумела, яму было вядома, якое пачуццё я да яе маю, тым больш, што я і не стараўся яго таіць. Калі я сказаў, што гутарка пра Эстэлу мне непрыемна, ён кіўнуў галавою, хлопнуў мяне па плячу, падліў віна ў нашы чаркі і прадаўжаў абед.
Эканомка паявілася ў сталовай яшчэ толькі два разы і то на кароткі час, але, калі-б я сто раз яшчэ глядзеў на яе, мая ўпэўненасць не пахіснулася-б: яе рукі былі рукамі Эстэлы, яе вочы — вачыма Эстэлы.
Вемік і я даволі рана развіталіся з нашым гасцінным гаспадаром і вышлі на вуліцу разам. Не паспелі мы прайсці некалькі крокаў у напрамку да Вальворта, як я ўжо адчуў, што пад руку са мною ідзе сапраўдны Вемік, а гадкі двайнік кудысьці знік.
— Памятаеце, Вемік, калі я ў першы раз ішоў абедаць да містэра Джагерса, вы раілі мне звярнуць увагу на яго эканомку.
— Няўжо? Можа быць, і раіў, — сказаў Вемік і раптам дадаў: — Ах, чорт вазьмі! Вядома, раіў.
— Вы яе назвалі тады ўціхаміраным зверам.
— А вы як яе назавеце?
273