Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/275

Гэта старонка не была вычытаная

— Таксама. Але ці вядома вам, Вемік, якім спосабам містэр Джагерс яе ўціхамірыў?

— Гэта яго тайна. Эканомка жыве ў яго ўжо даўно.

— Мне хацелася-б ведаць яе гісторыю, у мяне ёсць на гэта асобыя прычыны. Калі ласка, раскажыце; вы-ж ведаеце: усё, што мы гаворым, застанецца паміж намі.

— Я і сам не ведаю добра яе гісторыі, — адказаў Вемік. — Калі ласка, я паведамлю вам, што мне самому аб ёй вядома. Само сабою зразумела, мы цяпер гутарым неафіцыяльна, у якасці прыватных асоб.

— О, вядома.

— Гадоў дваццаць таму назад гэтую жанчыну судзілі за забойства і апраўдалі. Тады яна была вельмі прыгожаю і зусім маладою. Здаецца, у яе ў жылах ёсць кропля цыганскай крыві. Як-бы там ні было, але нораву яна была гарачага, і кроў у яе ўскіпала шпарка.

— Але яе апраўдалі?

— Яе абараняў містэр Джагерс, — адказаў Вемік, многазначна зірнуўшы на мяне. — Абцяпаў ён гэтую справу надзіва лоўка. А справа была амаль безнадзейная. Ён тады толькі што пачынаў сваю практыку і ўжо набываў сабе славу; па праўдзе сказаць, гэтая справа і стварыла яму рэпутацыю. Ён працаваў над ёю, як вол; пакуль ішло следства, ён амаль не выходзіў з паліцэйскага ўпраўлення, паказаў цуды спрытнасці і знаходчывасці. А на судовым разглядзе, дзе асабіста ён не мог выступаць, ён сядзеў побач з адвакатам, і ўсім было вядома, што ўся абарона падрыхтавана ім.

Повадам да забойства была рэўнасць, афяра — жанчына, гадоў на дзесяць старэйшая за падсудную, значна буйнейшая і дужэйшая за яе. Абедзве яны былі брадзягі; тая, што цяпер знаходзіцца ў Джэрард-стрыце, яшчэ ў ранняй маладосці была павянчана, як кажуць, вакол ракітавага куста з такім-жа брадзягам, як яна

274