дзе звычайна сядзела міс Гевішам, яе не было; яна была ў вялікай сталовай, якая знаходзілася на другі бок лесніцы. Пастукаўшы некалькі разоў іне атрымаўшы адказу, я зірнуў у дзверы. Міс Гевішам сядзела ў абадраным крэсле, прысунутым блізка да каміна, уставіўшы нерухомы позірк на пакрытае попелам вуголле.
Я, як і раней нярэдка здаралася, ціхенька ўвайшоў у пакой і стаў ля каміна так, каб міс Гевішам, падняўшы вочы, магла мяне ўбачыць. Яна здавалася такою адзінокаю, такою няшчаснай, што я дараваў ёй за ўсё гора, якое яна мімаволі мне прычыніла.
Загледзеўшыся на яе, я задумаўся над тым, як лёс злучыў мяне са злашчасным лёсам гэтага дома, і не заваўважыў, як позірк міс Гевішам спыніўся на мне. Яна ўпілася ў мяне вачыма і праказала ціхім голасам:
— Што гэта? ці наяве я?
— Гэта я, Піп. Учора містэр Джагерс перадаў мне вашу запіску, і я зараз-жа паехаў сюды.
— Дзякую.
Я прысунуў да каміна другое абадранае крэсла і, сеўшы побач з міс Гевішам, заўважыў у яе на твары новы выраз: яна як быццам баялася мяне.
— Я хачу пагаварыць з табою аб справе, аб якой ты казаў мне, калі быў тут у апошні раз, і паказаць табе, што я не такая каменная, якою ты мяне лічыш. Ці можа ты цяпер ужо не паверыш, што маё сэрца даступна якім-бы то ні было чалавечым пачуццям?
Я паспяшыўся яе пераканаць у адваротным. Яна працягнула было мне сваю дрыготную руку, але зараз-жа рванула яе назад, перш чым я паспеў зразумець яе рух і ўцяміць, як мне да яго аднесціся.
— Ты казаў, што можаш навучыць мяне, як для твайго прыяцеля зрабіць добрую і карысную справу, якую табе самому хацелася для яго зрабіць.
277