і перасцярога. Скончылася тым, што я ўкрала ў яе сэрца і паклала на месца яго кусок лёду.
Я не ўтрымаўся і заўважыў:
— Лепш было-б пакінуць ёй сэрца, данае ад прыроды, хоць-бы яго чакала доля быць змучаным і разбітым.
Міс Гевішам кінула на мяне дзікі погляд і зноў, пачала лемантаваць:
— Што я нарабіла, што я нарабіла!
— Калі-б ты толькі ведаў маю гісторыю, — апраўдвалася яна, — у цябе было-б больш спачування, і ты лепш-бы зразумеў мяне.
— Да некаторай ступені я ведаю вашу гісторыю, міс Гевішам, — сказаў я як мага асцярожней. — Яна зрабілася мне вядомай з таго часу, як я выехаў з тутэйшых месц. Яна выклікала ва мне глыбокі жаль да вас, і, верце, я разумею, які ўплыў яна павінна была зрабіць на вас. Пасля таго, што адбылося зараз паміж намі, спадзяюся, вы дазволіце мне задаць вам адно пытанне адносна Эстэлы. Гэтае пытанне адносіцца не да цяперашняга часу, а да той пары, калі вы яе толькі што ўзялі да сябе.
Міс Гевішам сядзела цяпер на падлозе, абапіраючыся рукамі на падзёртую абіўку крэсла і схіліўшы галаву. Пачуўшы маё пытанне, яна спачатку ўважліва паглядзела на мяне, потым адказала:
— Пытайся.
— Чыя дачка Эстэла?
Міс Гевішам адмоўна паківала галавою.
— Вы не ведаеце?
Яна зноў паківала галавою.
— Яе прывёў ці прыслаў містэр Джагерс?
— Так, ён яе прывёў.
— Ці не раскажаце вы мне, пры якіх акалічнасцях гэта здарылася?
Яна зашаптала, баязліва азіраючыся:
282