— Я жыла ўжо даволі доўга бязвылазна ў гэтых пакоях (колькі іменна — не магу сказаць, ты ведаеш, гадзіннікі тут не паказваюць часу), калі аднойчы сказала містэру Джагерсу, што хочу ўзяць да сябе дзяўчынку, да якой магла-б прывязацца, якую магла-б выхаваць так, каб засцерагчы ад майго няшчаснага лёсу. Упершыню я бачыла Джагерса, калі даручала яму прывесці мой дом у яго цяперашні выгляд: я паслала за ім, таму што сустракала імя яго ў газетах раней, калі яшчэ не пакідала свету. Ён абяцаў падшукаць мне такую сіротку і аднойчы ўвечары прынёс сонную дзяўчынку; я назвала яе Эстэлай.
— Можна запытаць, якіх гадоў яна тады была?
— Ёй было два ці тры гады. Ёй самой вядома толькі адно, што яна сірата, усыноўленая мною.
Я і раней не сумняваўся, што тая жанчына была маці Эстэлы, і мне асабіста не трэба было далейшых доказаў, але пасля таго, што я цяпер пачуў, іх кроўная сувязь — так прынамсі мне здавалася — стала ясней дня.
Навошта мне было яшчэ цягнуць гэтае спатканне? Маё хадатайніцтва за Герберта мела поўны поспех, міс Гевішам паведаміла мне ўсё, што ёй было вядома аб Эстэле; я зрабіў усё, што мог, для заспакаення беднай старой жанчыны. Не варта шмат затрымлівацца на тым, што гаварылася паміж намі на развітанне.
Змяркалася, калі я зышоў з лесніцы і апынуўся на свежым паветры. Упусціўшай мяне служанцы я сказаў, што пакуль не маю патрэбы ў яе паслугах і перад уходам пагуляю па Сатыс-гаузу.
Я прабраўся ў запушчаны сад цераз кучу парожніх бочак, па якіх хадзіў калісьці ў дзяцінстве. Цяпер гэтыя бочкі, прастаяўшы столькі гадоў пад дажджом, у шмат якіх месцах прагнілі, а на донцах у тых, якія стаялі стойма, утварыліся мініятурныя лужынкі і балоты. Я абышоў увесь сад і забраўся ў той куток, дзе
283