мы з Гербертам біліся на кулачках, наведаў дарожкі, дзе прагульваўся з Эстэлаю. Усюды холадна, пустынна, сумна!
Апынуўшыся на галоўным двары, я затрымаўся, не ведаючы, ці клікнуць мне старую, у якой знаходзіцца ключ ад варот, і папрасіць яе выпусціць мяне, або яшчэ раз наведацца да міс Гевішам і паглядзець, ці ў тым-жа стане здароўя і спакою знаходзіцца яна, у якім я яе пакінуў. Спыніўшыся на апошнім рашэнні, я зноў пайшоў наверх.
Зірнуўшы ў дзверы, я ўбачыў, што міс Гевішам сядзіць спіною да мяне на абдзёртым крэсле зусім блізка да каміна. Я адступіў ад дзвярэй і са спакойным сэрцам збіраўся спусціцца ўніз, як раптам убачыў у пакоі велізарны слуп полымя, і ў тую-ж хвіліну да мяне са страшным лямантам кінулася міс Гевішам, ахопленая вогненным віхрам, які высока падымаўся над яе галавою.
На мне было паліто з двайным капюшонам, на руцэ ў мяне вісеў плашч з тоўстай матэрыі. Я сарваў з сябе гэтыя рэчы, накінуў іх на яе, паваліў на падлогу і пачаў ухутваць яе. Для гэтай-жа мэты я сарваў са стала вялікі абрус, сцягнуў заадно кучу гнілі, якая ўзвышалася пасярод стала, і ўсіх агідных стварэнняў, якія там гняздзіліся. Нейкім чынам я і сам апынуўся на падлозе, і паміж мною і міс Гевішам завязалася зацятая барацьба: чым мацней я яе ўхутваў, тым больш яна крычала і мацней білася. Пра ўсё гэта я ўжо даведаўся пазней; у тую-ж хвіліну я не ўсведамляў, што я раблю, што я адчуваю, што я думаю. Калі я апамятаўся, мы абодва барахталіся на падлозе ля вялікага стала, а ў клубах дыму над намі насілася гарэўшае клочча, якое за хвіліну перад тым было паблекшым шлюбным плаццем міс Гевішам.
Паглядзеўшы навокал, я ўбачыў на падлозе патур-
284