Я здрыгануўся не ад болю: яго словы прымусілі мяне здрыгануцца.
— Я пра гэта зусім забыўся, але цяпер штосьці прыпамінаю.
— Дык вось учора ён шмат гаварыў пра гэтую эпоху свайго жыцця. Гэта жанчына была маладая, рэўнівая і мсцівая, мсцівая да апошняй ступені.
— Гэта значыць?
— Гэта значыць гатова была нават на забойства. Табе, мусіць, вельмі холадна?
— Ніколькі. Як-жа яна забіла і каго?
— Тое, што яна зрабіла, можа і не заслугоўвае такой страшнай назвы, але яе судзілі за забойства; містэр Джагерс яе абараняў і гэтай абаронаю набыў сабе вялікую рэпутацыю.
— Але што-ж далей?
— У апраўданай было дзіця ад Провіса, і Провіс яго страшэнна любіў. У той самы вечар, калі была задушана тая, да якой яго рэўнавалі, гэтая маладая жанчына на хвілінку з‘явілася да Провіса і паклялася яму, што ўмярцвіць сваё дзіця (дзіця знаходзілася не ў яго, а жыло пры ёй), што ён больш яго не ўбачыць, і ўслед затым знікла. Не гледзячы на тое, што смерць дзіцяці была для яго страшным ударам, ён схаваўся з баязні, што яго выклічуць на суд даваць паказанні аб дзіцяці і што ён зробіцца віноўнікам яе пагібелі. Пакуль ішоў суд, ён хаваўся, ці, як ён кажа, трымаўся ў ценю, і суд не меў аб ім ніякіх пэўных звестак. Ведалі толькі, што прычынаю рэўнасці быў нейкі чалавек, па імені Авель. Пасля таго, як падсуднай вынеслі апраўдальны прыгавор, яна знікла, нібы скрозь зямлю правалілася. Так Провіс страціў і сваё дзіця, і матку дзіцяці.
— Хацелася-б мне ведаць…
288