— Пацярпі крыху, любы прыяцель, зараз скончу. Яго злы геній, Кампісон, найгоршы з усіх нягоднікаў, ведаючы, што ён адзін час хаваўся і чаму ён хаваўся, вядома, не прамінуў пазней выкарыстаць тое, што яму было вядома, каб трымаць Провіса пад страхам. Я ўчора пераканаўся, што з-за гэтага страху і ўзнікла нянавісць Провіса да яго.
— Жадаў-бы я ведаць, дакладна ведаць, Герберт, калі адбылося гэтае здарэнне.
— Ты хочаш ведаць дакладна? Пачакай, я прыпомню ўсё, што ён казаў з гэтага поваду. Вось яго ўласныя словы: «было гэта гадоў дваццаць таму назад, неўзабаве пасля таго, як пачалося маё знаёмства з Кампісонам». Колькі было табе гадоў, калі вы сустрэліся на могілках?
— Здаецца, — сёмы год.
— Ну так! Ён казаў, што сустрэўся з табою праз тры ці чатыры гады пасля гэтага здарэння і ты напомніў яму загінуўшую так трагічна маленькую дачку, якая, калі-б засталася жывою, была-б амаль тваёю равесніцаю.
— Герберт! — пасля кароткага маўчання вымавіў я задыхаючыся. — Паглядзі на мяне. Дзе табе лепш мяне відаць: тут, пры святле каміна, ці падыйсці да акна?
— Тут святлей, — адказаў Герберт, нахіляючыся да мяне яшчэ бліжэй.
— Глядзі-ж на мяне добра.
— Гляджу, любы дружа.
— Вазьмі мяне за руку.
— Калі ласка, любы дружа,
— Ты не думаеш, што ў мяне гарачка, ці што я звар‘яцеў пасля ўчарашняй катастрофы?
— Не, любы дружа, — адказаў Герберт праз некаторы час, паглядзеўшы на мяне дапытлівым позіркам. — Ты крыху ўсхваляваны, алеты ў сваім розуме.
289