— Мне вельмі шкада, Піп, што мы нічога не робім для вас, — сказаў ён, калі я хаваў у кішэню чэк, на якім ён паставіў свой подпіс.
— Міс Гевішам прапанавала што-небудзь зрабіць для мяне, але я адмовіўся, — адказаў я.
— Каб я быў на вашым месцы, я не адмовіўся-б, — сказаў містэр Джагерс. — Але, вядома, кожны сам лепш ведае, што яму рабіць.
— Я звярнуўся да міс Гевішам з другою просьбаю. Я папрасіў яе даць мне некаторыя звесткі наконт яе прыёмнай дачкі, і яна паведаміла мне ўсё, што ёй самой вядома.
— Вось як? — працадзіў містэр Джагерс, нахіляючыся наперад, каб кінуць погляд на свае бліскучыя боты, і затым зноў выпрастаўся і вымавіў: — Гм! Калі-б я быў на месцы Гевішам, я, напэўна, гэтага не зрабіў-бы, але, вядома, усякі сам лепш ведае, што яму рабіць.
— Аб гадаванцы міс Гевішам мне вядома нават больш, чым самой міс Гевішам. Я ведаю, хто яе маці.
Містэр Джагерс дапытліва паглядзеў на мяне і паўтарыў:
— Маці?
— Я бачыў яе маці не далей, як тры дні таму назад.
— Так? — паўтарыў містэр Джагерс.
— Адносна Эстэлы мне вядома, мусіць, нават больш, чым вам, сэр. Я ведаю, хто яе бацька.
— Гм! Дык вы ведаеце, хто бацька маладой лэдзі, Піп?
— Так, — адказаў я. — Завуць яго Провіс з Новага Паўднёвага Валіса.
Пры гэтых словах нават містэр Джагерс здрыгануўся. Праўда, гэта быў ледзь прыкметны рух; ён зараз-жа справіўся з сабою і спрытна яго замаскіраваў,
291