вы ўпрыгожваеце сваё дзелавое жыццё. Умаляю вас, закіньце за мяне слоўца перад містэрам Джагерсам, пераканайце яго, што я маю права на большую шчырасць з яго боку.
Ніколі я не бачыў, каб два чалавекі абменьваліся такім дзіўным позіркам, якім пасля майго закліку абмяняліся містэр Джагерс і Вемік!
Калі я паглядзеў на іх, у мяне спачатку з‘явілася боязнь, што Вемік зараз-жа будзе зволены з пасады, але боязнь гэтая рассеялася, калі я заўважыў, што на твары містэра Джагерса мільгнула нешта падобнае на ўсмешку, а Вемік прыасаніўся.
— Што я чую! — вымавіў містэр Джагерс. — Стары бацька, нявінныя забавы?..
— Дык што-ж такое? Я-ж не цягаю іх разам з сабою сюды! — расхрабрыўся Вемік.
— Піп, — павольна праказаў містэр Джагерс. — Гэты чалавек, як мне здаецца, першы круцель ва ўсім Лондане.
— Ну, думаю, што вы мне не ўступіце, — адказаў Вемік, яшчэ больш набраўшыся храбрасці.
Зноў гэтыя два чалавекі па- дзіўнаму паглядзелі адзін на аднаго: відавочна, кожны з іх баяўся, як-бы не знізіць перад другім сваёй годнасці.
— У вас мілы домік, — праказаў нарэшце містэр Джагерс.
— Калі ён не перашкаджае мне займацца справаю, дык чаму-б яму і не быць? — адрэзаў Вемік. — Як пагляджу на вас, мне, дапраўды, здаецца, што і вы падумаеце завесці сабе ў хуткім часе свой мілы домік, дзе-б вы маглі адпачываць ад працы.
Містэр Джагерс некалькі разоў задуменна паківаў галавою і, — запэўняю вас, як ні дзіўна гэта здасца, — уздыхнуў.
293