Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/297

Гэта старонка не была вычытаная

Я зірнуў на Веміка: яго твар быў сур‘ёзны. Ён многазначна прыклаў палец да вуснаў, я зрабіў тое самае, услед за мною і містэр Джагерс паўтарыў той самы жэст.

— Ну, Вемік, — праказаў ён, прымаючы свой звычайны выгляд, — на чым мы спыніліся, калі ўвайшоў містэр Піп?

Работа зноў закіпела; але я заўважыў, што сярод сваіх заняткаў яны не-не ды і зірнуць адзін на аднаго такім-жа дзіўным позіркам, як і раней, з тою толькі розніцаю, што цяпер яны, здавалася, усведамлялі, што выявілі свае слабыя бакі і знізілі сваю прафесіянальную годнасць.


РАЗДЗЕЛ XLVII

З чэкам у кішэні я з Літль-Брытэна пайшоў проста да брата міс Скінфінс, гандлёвага агента; брат міс Скінфінс зараз-жа пайшоў па Клерыкера, прывёў яго да мяне, і, на маю вялікую радасць, мы з ім скончылі нашу здзелку. Гэта была адзіная добрая справа, адзіная даведзеная да канца справа, якую я зрабіў з таго часу, як мне стала вядома, што перада мною «вялікія чаканні».

Надышоў сакавік месяц. Мая левая рука загойвалася вельмі марудна, так што я ўсё яшчэ не мог надзець сурдута, з другой рукою справа была лепш: праўда, яна была моцна знявечана, але служыла спраўна.

У панядзелак раніцою, калі мы з Гербертам сядзелі за снеданнем, я атрымаў па пошце ад Веміка наступную запіску.

«Вальворт».

«Спаліце гэтае пісьмо зараз-жа пасля прачытання. У пачатку тыдня, скажам, у сераду, вы можаце зрабіць тое, што вам вядома, калі не раздумалі. Спаліце-ж».

296