Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/298

Гэта старонка не была вычытаная

Я паказаў гэтае пасланне Герберту, спаліў яго, — вядома пасля таго, як вывучыў змест яго напамяць, — і мы ўдвух пачалі абдумваць, як нам зрабіць. Разумеецца, цяпер ужо нам было ясна, што я з маёй хвораю рукою нікуды не варт.

— Я шмат аб гэтым думаў, — сказаў Герберт, — і, здаецца, натрапіў на шчаслівую думку. Гэта будзе лепш, чым наймаць лодачніка з Темзы. Возьмем Стартопа; ён добры хлопец, найлепшы грабец, любіць нас, чалавек вельмі чулы, проста ўвасабленне благародства.

Мне самому не раз прыходзіла думка аб Стартопе.

— Але як-жа ты яму растлумачыш, Герберт?

— О, ён задаволіцца нямногім! Няхай думае, што гэта проста наш капрыз, які пакуль што трэба трымаць у сакрэце, а раніцою ў дзень выканання скажам яму, што ў нас ёсць важныя прычыны сплавіць Провіса на замежны параход і вывезці з Англіі.

— Ты таксама з ім паедзеш?

— Абавязкова.

— Куды?

Мае доўгія, пакутлівыя размышленні па гэтаму поваду прымусілі мяне прыйсці да заключэння, што ўсёроўна, які выбраць порт, — Гамбург, Ротэрдам, Антверпен, месца тут не мела ніякага значэння, абы яно знаходзілася па-за Англіяй; для нашай мэты можна скарыстаць першы сустрэчны замежны параход, які згадзіцца нас узяць.

Герберт быў ва ўсім згодзен са мною, і зараз-жа пасля снедання мы пайшлі на разведкі. Па наведзеных спраўках аказалася, што больш за ўсё нам падыходзіць гамбурскі параход, і мы спыніліся на ім; адначасова з ім і іншыя параходы выходзілі з Лондана, і, на шчасце, нам былі вядомы прыметы кожнага з іх. Затым я пайшоў здабываць пашпарт, а Герберт накі-

297