Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/304

Гэта старонка была вычытаная

апрача ўсяго іншага. Як смеў ты стаць паміж мною і жанчынаю, якую я пакахаў?

— Калі-ж я гэта зрабіў?

— Калі! Ды ты заўсёды чарніў у яе вачах старога Орліка.

— Ты сам сябе чарніў, ты заслужыў дрэнную славу. Я не мог-бы табе пашкодзіць у яе вачах, калі-б ты быў чалавек добры. Ты сам ва ўсім вінават.

— Хлусіш! Нябось, ты не пашкадаваў-бы ніякіх грошай, ніякіх клопатаў, каб выправадзіць мяне адсюль? Слухай-жа, што я табе скажу. Ніколі яшчэ табе не было так важна выправадзіць мяне адсюль, як іменна сёння. О, ты аддаў-бы ўсе свае грошы да апошняга шэлега, і яшчэ ў дваццаць разоў больш, толькі каб справадзіць мяне к чорту на кулічкі!

З таго, як ён патрос у мой бок сваёю цяжкою ручышчаю і зарыкаў, як звер, я зразумеў, што ён кажа праўду.

— Што табе ад мяне трэба?

— Што трэба? — перапытаў Орлік, стукнуўшы кулаком па стале. — Мне трэба тваё жыццё!

Ён нахіліўся наперад, утаропіўся на мяне, павольна абцёр рукою рот, нібы ў яго пацякла сліна гледзячы на мяне, потым прыняў ранейшую позу.

— Ты заўсёды стаяў упоперак дарогі старому Орліку, яшчэ калі быў дзіцём. Вось сёння ён і скіне цябе з яе. Ён з табою пакончыць. Ты памрэш.

Я адчуваў, што стаю на краю магілы, і збянтэжаным позіркам акінуў пастку, з дарэмнай надзеяй знайсці які-небудзь сродак да выратавання. Не, выратавання не было.

— І гэта яшчэ не ўсё, — казаў далей ён, склаўшы накрыж рукі. — Я хачу, каб ад цябе не засталося ні адной костачкі, каб ты з усімі патрахамі знік з твару зямлі. Я апушчу тваё цела ў абжыгальную печ: у мяне хопіць сілы давалачы на сваіх плячах двух такіх, як

303