Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/318

Гэта старонка не была вычытаная

Яшчэ доўга пасля таго, як усё сціхла, і абодва параходы зніклі з вачэй, мы глядзелі на ваду, хоць у глыбіні душы кожны ведаў, што цяпер ужо нічога не ўбачым. Нарэшце мы кінулі гэта бескарыснае чаканне і накіраваліся да толькі што пакінутай намі гасцініцы, дзе нас сустрэлі з вялікім здзіўленнем. Тут я мог аказаць першую дапамогу Мегвічу, — цяпер ужо не Провісу; аказалася, што ён разбіў сабе грудзі і атрымаў сур‘ёзную рану ў галаву.

Па яго словах, ён трапіў пад кіль парахода і, падымаючыся, стукнуўся аб яго галавою, а грудзі ўдарыў, стукнуўшыся аб борт катэра, адчаго яму было вельмі цяжка дыхаць. Як сам ён прызнаваўся, ён гатоў быў зрабіць з Кампісонам усё, што хочаш, ні перад чым-бы не спыніўся, але, тым не менш, катастрофа адбылася зусім выпадкова: у тую хвіліну, калі ён ухапіўся за яго плашч, каб упэўніцца, ці сапраўды гэта Кампісон, той адхіснуўся, і абодва паляцелі за борт. Ад штуршка, калі ён, Мегвіч, падаў, і ў выніку намаганняў паліцэйскага ўцягнуць яго як-бы там ні сталася назад, наша лодка перавярнулася.

Ён дасказаў мне шэптам, што на дно яны ішлі, раз‘юшана ахапіўшы адзін аднаго рукамі, што пад вадою паміж імі распачалася барацьба не на жыццё, а на смерць, але што яму ўдалося вырвацца з чапляўшыхся за яго рук і выплыць на паверхню. У мяне не было падстаў сумнявацца ў праўдзівасці яго расказа; паліцэйскі, што кіраваў рулём, дакладна таксама расказаў гісторыю, як яны ўпалі за борт.

Калі я звярнуўся да гэтага паліцэйскага з просьбаю дазволіць арыштаванаму зняць мокрае плацце і надзець сухое, якое я купіў у гасцініцы, ён ахвотна даў згоду на маю просьбу, але абвясціў, што ўсё быўшае на арыштанце павінна паступіць у яго рукі. Такім чынам да яго перайшоў і бумажнік, які калісці захоўваўся ў мяне. Мне было дазволена суправаджаць Мег-

317