а мы за імі ўслед, як раптам нам прышлося спыніцца. Па ветру да нас даляцеў працяглы крык. Ён чуўся ўправа ад нас, з усходняга боку, і неўзабаве паўтарыўся, гучна і выразна. Але цяпер здавалася, што крычаў не адзін голас, а два ці больш, хоць яны амаль зліваліся ў адзін.
Сержант аддаў загад не адказваць, а ісці на голас «фарсіраваным маршам». Такім чынам мы звярнулі ўправа, г. зн. на ўсход, і Джо закрочыў так шпарка, што я павінен быў з усёй сілы ўчапіцца за яго, каб не ўпасці.
Па меры таго як мы набліжаліся да мэты, нам усё больш выразна чулася, што крычаў не адзін чалавек. Праз некалькі хвілін мы былі так блізка, што маглі пачуць, як адзін голас крычаў: «Рэжуць!» а другі: «Катаржнікі! Беглыя! Стража! Сюды! Лавіце беглых катаржнікаў!» То абодва галасы нібы прападалі з-за барацьбы, то зноў рабіліся выразнымі.
Калі галасы прагучэлі ўжо зусім блізка, сержант кінуўся наперад, а ўслед за ім двое салдат.
— Вось яны абодва! — пыхцеў сержант, барахтаючыся на дне канавы. — Здавайцеся, чорт вас вазьмі! Што вы шчапіліся, як дзікія звяры. Здавайцеся!
Пырскі вады і камякі гразі ляцелі ва ўсе бакі, і паветра дрыжэла ад праклёнаў і ўдараў, калі яшчэ некалькі чалавек спусціліся ў канаву на дапамогу сержанту і выцягнулі кожнага асобна, майго катаржніка і другага.
— Заўважце, — прагаварыў мой катаржнік, — я яго злавіў! Я выдаю яго вам. Не забудзьце гэтага!
— Гэта не асабліва важна і мала табе дапаможа, дружа мой, — сказаў сержант. — Вам з ім адну кашу расхлёбваць. Эй, падай кайданы!
— Я і не разлічваю на ўзнагароду. Я ўжо яе атрымаў, — запярэчыў мой катаржнік са зларадным смехам. — Я яго злавіў. Ён гэта ведае, і з мяне даволі.
31