Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/326

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, — адказаў я, — цяпер самая пара. Я чакаў ля варот.

— Ты-ж заўсёды чакаеш ля варот, мой любы? Так?

— Так, заўсёды, каб не прапусціць ні хвіліны.

— Дзякую, мой хлопчык, дзякую. Няхай благаславіць цябе бог! Ты не кінуў мяне! Дзякую!

Я моўчкі паціснуў яму руку, таму што помніў, што ў мяне раней з‘яўлялася думка кінуць яго.

— А даражэй за ўсё, — казаў далей ён, — што ты больш сардэчна аднёсся да мяне цяпер, калі нада мною навіслі чорныя хмары, чым тады, калі яшчэ свяціла сонца. Гэта даражэй за ўсё!

Ён ляжаў на спіне і цяжка дыхаў. Не гледзячы на ўсе яго старанні, не гледзячы на ўсю любоў да мяне, твар яго прымаў усё больш і больш безудзельны і безжыццёвы выраз, і ўсё больш цмяным рабіўся яго позірк, накіраваны на белую столь.

— Вам вельмі цяжка сёння?

— Я не скарджуся, дружа мой.

— Вы ніколі не скардзіцеся.

Ён усміхнуўся пры гэтых словах; па поціску яго рукі я зразумеў, што ён хоча, каб я падняў другую руку і паклаў яму на грудзі. Я зрабіў гэта, ён усміхнуўся яшчэ раз і паклаў абедзве свае рукі на маю.

Між тым назначаны для спаткання час праходзіў, і, азірнуўшыся назад, я ўбачыў загадчыка турмою. Ён шапнуў мне: «Вы можаце яшчэ застацца». Я падзякаваў яму і запытаўся, ці не можна мне сказаць Мегвічу некалькі слоў сам-на-сам, калі ён здолее мяне чуць.

Загадчык вышаў сам і выслаў наглядчыка. Мегвіч заўважыў гэта, хоць усё адбылося зусім бесшумна, і з любоўю глянуў на мяне.

— Мегвіч, галубочак, я павінен сказаць вам нарэшце… Вы-ж чуеце мяне?

325