Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/33

Гэта старонка не была вычытаная

Другі катаржнік зусім пасінеў і быў увесь пабіты і паранены. Ён не ў сілах быў нават гаварыць і, пакуль яго закоўвалі, абапіраўся на салдат, каб не ўпасці.

— Заўважце, сержант, ён хацеў забіць мяне, — былі яго першыя словы.

— Хацеў забіць яго? — паўтарыў з пагардаю мой знаёмы. — Хацеў і не забіў! Я злавіў і выдаў яго; вось што я зрабіў. Я не толькі перашкодзіў яму ўцячы з балот, я прыцягнуў яго сюды. Гэты агіднік — джэнтльмен з вашага дазволу, і галеры зноў атрымаюць свайго джэнтльмена дзякуючы мне. Я здолеў уцячы з галер адзін, без усякай дапамогі. Я ўцёк-бы і з гэтых праклятых балот, калі-б не даведаўся, што ён тут. Але пакінуць яго на волі? Дазволіць яму зноў абдурваць мяне, іграць мною, рабіць з мяне пешку? Не, не, не. Калі-б мне прышлося акалець у гэтай канаве, — і ён выразна ўзмахнуў у той бок сваімі скутымі рукамі, — я і тады-б не выпусціў яго, пакуль вы не схапілі-б нас абодвух.

Другі бяглец, які, відавочна, страшэнна баяўся свайго таварыша, сцвярджаў далей:

— Ён хацеў забіць мяне, і без вас я загінуў-бы.

— Ён хлусіць, гнеўна запярэчыў мой катаржнік.

— Бачыце вы яго? Бачыце, як бегаюць у яго вочы? Вось таксама ён глядзеў, калі нас разам судзілі. Ён ні разу не зірнуў на мяне.

— Годзе балбатаць! — сказаў сержант. — Запальвай факелы!

Пакуль адзін з салдат, што нёс кошык замест стрэльбы, пачаў адчыняць яго, стоячы на каленях, мой катаржнік у першы раз азірнуўся і ўбачыў мяне. Сустрэўшыся з ім позіркам, я зрабіў лёгкі рух рукамі і адмоўна пакруціў галавою. Я чакаў гэтага позірку, каб пастарацца пераканаць яго ў сваёй нявіннасці. Не ведаю, ці зразумеў ён мяне, бо я і сам не мог зразумець, што значыць яго позірк, ды і цягнулася гэта

32