— А колькі часу?
— Гэта значыць, дружа мой, вы пытаецеся, колькі часу прахварэлі, Піп?
— Так, Джо.
— Цяпер канец мая; заўтра першае чэрвеня, Піп.
— І ты ўвесь час быў тут, Джо?
— Накшталт таго, дружа мой. Я і кажу Бідзі, калі прышло пісьмо з паведамленнем аб вашай хваробе… Прынёс паштальён. Ён быў нежанаты, а цяпер ажаніўся. Жалавання яму пры такой беганіне і на боты нехапае. Пра гэта ён не думаў, калі жаніўся… Даўно збіраўся…
— Як прыемна зноў слухаць цябе, Джо! Але я цябе перапыню. Што-ж ты сказаў Бідзі?
— А вось, — казаў далей Джо, — што каля вас, можа быць, цяпер чужыя; а як мы былі заўсёды з вамі сябрамі, дык, мабыць, вам цяпер і не будзе непрыемна, калі я прыеду. А Бідзі і кажа: «Едзь не марудзячы». Адным словам, — дадаў ён, хвілінку падумаўшы, — так будзе праўдзівей: яна сказала літаральна: «Едзь, не марудзячы ні хвіліны!»
Тут Джо раптам спыніўся і абвясціў, што мяне нельга стамляць гутаркаю, што мне трэба есці часта, але патроху, хоць-бы цераз сілу, і ва ўсім падпарадкавацца яго распараджэнням.
Хоць я адчуваў сябе дастаткова моцным для гутаркі, але я маўчаў, каб не злаваць Джо, і адклаў да заўтра роспыты аб міс Гевішам. Калі я потым запытаўся ў яго, ці выздаравела яна, ён толькі паківаў гадавою.
— Дык яна памёрла, Джо?
— Не, дружа, — сказаў Джо, нібы апраўдваючыся і жадаючы падыйсці да справы паступова, — не то каб памёрла, — жарты сказаць, — але яе ўжо няма!..
— Няма ў жывых, Джо?
— Іменна… бадай, што так… няма ў жывых…
— Доўга яна пакутвала, Джо?
329