Увечары, калі я ўжо лёг у пасцель, Джо, як звычайна, увайшоў у мой пакой. Ён запытаўся у мяне, ці так-жа добра я сябе адчуваю, як і раніцою.
— Так, любы Джо, вельмі добра.
— І вы, стары дружа, з кожным днём адчуваеце сябе мацней?
— Так, Джо, з кожным днём.
Джо паклаў каля мяне на коўдру сваю вялікую, чэсную руку і сказаў прыглушаным голасам:
— Добрай ночы!
На наступны дзень я ўстаў бадзёрым і моцным і канчаткова рашыў неадкладна ўсё расказаць Джо. Я хацеў перагаварыць з ім да снедання. Я зараз-жа пачаў адзявацца, каб зрабіць яму сюрпрыз і прама з‘явіцца да яго ў пакой, бо да гэтага часу я звычайна доўга залежваўся ў пасцелі. Я ўвайшоў у яго пакой, але Джо там не было. Не было нават яго чамадана. Я кінуўся да стала, на якім ужо было падрыхтавана снеданне, і ўбачыў на ім пісьмо наступнага зместу:
«Не жадаючы навязвацца, я паехаў; вы цяпер паправіліся, дарагі Піп, і вам будзе лепш без Джо».
«Назаўсёды найлепшыя сябры».
У пісьмо была ўкладзена распіска аб уплаце доўгу, за які мяне хацелі арыштаваць. Я думаў да гэтага часу, што мой крэдытар сам спыніў або прынамсі адклаў спагнанне, каб даць мне магчымасць канчаткова паправіцца. Мне і ў галаву не прыходзіла, што заплаціў доўг Джо, але заплаціў, бясспрэчна, ён: распіска была напісана на яго імя.
Што-ж мне заставалася рабіць, як не ехаць услед за ім у мілую старую кузню, расказаць яму ўсё, пакаяцца перад ім і аблягчыць сваю душу?
333