— Ён яшчэ надта слабы, любая, для такіх нечаканасцей, — сказаў Джо!
— Так, Джо, — адказала Бідзі, — трэба было-б гэта мець на ўвазе, але я такая шчаслівая!
Абодва яны былі шчаслівы і рады бачыць мяне, абодва былі расчулены маім прыходам, які як-бы дапоўніў іх шчасце.
— Бідзі, родная, — сказаў я, — лепш за твайго мужа няма ў цэлым свеце. А калі-б ты бачыла яго ля майго ложка, тады ты… аднак, не, ты і тады не магла-б кахаць яго больш, чым цяпер!
— Вядома, не магла-б, — сказала Бідзі.
— А табе, Джо, дасталася лепшая ў свеце жонка, і яна дасць табе шчасце, якога ты заслугоўваеш, любы благародны Джо!
Джо паглядзеў на мяне, губы яго задрыжэлі, і ён няўмела закрыўся рукавом.
— Цяпер скажыце мне абодва, што вы даравалі мне ўсё, хоць я ведаю, што вы гэта зрабілі ўжо ад шчырага сэрца! Я хачу чуць слова даравання, каб чуць самы яго гук. Тады я паверу, што ў вас няма адносна мяне сумненняў і што з часам вы будзеце мець лепшую аба мне думку!
— О, любы Піп, стары дружа, — сказаў Джо, — бог сведка, я дараваў табе, калі мне ёсць за што дараваць.
— Бог сведка, я таксама даравала, — паўтарыла Бідзі.
— Цяпер дайце мне глянуць на мой стары маленькі пакой і на некалькі хвілін пакіньце мяне там аднаго. Пасля абеду праводзьце мяне, родныя Джо і Бідзі, да межавога слупа, і мы развітаемся.
Я распрадаў усю сваю маёмасць, сабраў грошай, колькі мог, каб некалькі задаволіць сваіх крэдытараў і адтэрмінаваць канчатковую расплату на некаторы час, затым адправіўся да Герберта. Не прайшло і месяца,
336