як я паехаў ўжо з Англіі. Праз два месяцы я быў ужо клеркам Клерыкера і К°, праз чатыры — атрымаў адказную пасаду. Я пачаў аднаасобна загадваць усходнім аддзелам нашай фірмы.
Прайшло не мала гадоў, пакуль я зрабіўся кампаньёнам фірмы, але я быў шчаслівы і жыў з Гербертам і яго жонкаю. Я жыў скромна, выплачваў свае даўгі і знаходзіўся ў пастаяннай перапісцы з Джо і Бідзі. Клерыкер выдаў Герберту маю тайну толькі тады, калі я ўжо зрабіўся кампаньёнам фірмы. Герберт быў здзіўлен і расчулен, але гэта адкрыццё не пахіснула нашай дружбы. Я павінен агаварыцца, што фірма наша зусім не была асабліва багатая і што мы зусім не так ужо нажываліся. Вялізных спраў мы не рабілі, але наша фірма карысталася добраю, цалкам заслужанаю рэпутацыяй, мы шмат працавалі і ўрэшце мелі ўдачу. Шмат чым мы былі абавязаны працавітасці і здольнасцям Герберта. Я часта здзіўляўся, як мог раней лічыць яго бесталанным, пакуль не прышоў да заключэння, што, можа быць, лічыў яго няўдачнікам па ўласнай бесталаннасці.
РАЗДЗЕЛ LIV
Адзінаццаць гадоў не бачыў я Джо і Бідзі, хоць на працягу ўсяго майго знаходжання на Ўсходзе часта думаў аб іх. Але вось нарэшце, у адзін снежаньскі вечар, гадзіны праз дзве пасля захаду сонца, я дакрануўся да клямкі дзвярэй іх старой кухні. Я ціха прыадчыніў дзверы, так што ніхто не чуў, і неўзаметку зірнуў усярэдзіну. Джо сядзеў на сваім звычайным месцы ля агню, з люлькаю ў зубах. Ён надзіва захаваўся, хоць крыху пасівеў, і меў надзвычай бадзёры выгляд. Тут-жа ў кутку на маёй маленькай табурэтцы сядзеў новы маленькі Піп.
— Мы назвалі яго Піпам у чэсць цябе, любы,
337