адзін момант. Але калі-б ён глядзеў на мяне цэлую гадзіну або нават цэлы дзень, то і тады выраз незвычайнай увагі, якая свяцілася ў яго вачах, не запомніўся-б мне з большаю сілаю. Салдат з кошыкам хутка раздабыў агню, запаліў тры ці чатыры факелы, адзін узяў сабе, а астатнія раздаў таварышам.
— Усё ў парадку, — сказаў сержант. — Марш!
Прайшоўшы з гадзіну, мы дабраліся да прыстані, дзе стаяла драўляная вартоўня. Мы ўвайшлі туды. Там пахла табаком і вапнаю, быў раскладзены агонь, стаялі: лямпа, стойка са стрэльбамі, барабан і нізкія драўляныя нары, на якіх магло змясціцца да дзюжыны салдат. Тры ці чатыры салдаты, якія ляжалі на іх у шынялях, не асабліва зацікавіліся намі; прыўзняўшы на хвіліну галовы, яны паглядзелі на нас соннымі вачыма і зараз-жа зноў захраплі. Сержант прадставіў рапарт, запісаў нешта ў кнігу, салдаты абкружылі таго арыштанта, якога я называў «другім катаржнікам», і адправіліся з ім на судно.
Мой катаржнік з таго часу ні разу не зірнуў на мяне. Раптам ён павярнуўся да сержанта і сказаў:
— Я хочу даць некаторыя тлумачэнні наконт маіх уцёкаў, каб адхіліць падазрэнне ў дапамозе мне ў гэтым з боку каго-небудзь іншага.
— Ты можаш гаварыць, што хочаш, — адказаў сержант, які стаяў, склаўшы накрыж рукі на грудзях і халодна глядзеў на яго, — але ад цябе не патрабуецца, каб ты гаварыў гэта тут. У цябе будзе яшчэ шмат выпадкаў пагаварыць, перш чым з табой расправяцца.
— Я ведаю, але там іншая справа, а гэта асобая рэч. Чалавек не можа жыць не еўшы, прынамсі, я не магу. І я ўзяў сабе пад‘есці вунь у той вёсцы, дзе царква стаіць амаль на самым балоце.
— Значыцца ўкраў, хочаш ты сказаць, — уставіў сержант.
33