восьмай гадзіне ў пакоі за-прылаўкам, пакуль яго прыказчык цешыўся сваім мутным чаем і лустаю хлеба з маслам, седзячы ў краме на мяшку з гарохам.
Калі прабіла дзесяць гадзін, мы накіраваліся да міс Гевішам і праз чвэрць гадзіны падышлі да яе дома. Гэта быў стары, змрочны будынак з мноствам жалезных засавак і балтоў. Некаторыя вокны былі пазабіваны, а з тых, якія асталіся непазабіванымі, усе ў ніжнім паверсе былі забяспечаны тоўстымі рашоткамі. Перад домам быў двор, таксама агароджаны рашоткаю, так што нам прышлося пазваніць і чакаць, каб адчынілі калітку. Чакаючы, я зазірнуў у двор і заўважыў, што з бакавога фасада да дома прылягала вялікая піваварня. У ёй, відаць, ужо даўно не працавалі.
Але вось у доме адчынілася акенца, і звонкі голас запытаў: «Хто прышоў?» На гэта мой кіраўнік адказаў: «Пембльчук», Голас сказаў: «Добра», акенца зачынілася, і на дварэ паказалася маладзенькая лэдзі з кнігаю ў руках.
— Вось Піп, — сказаў містэр Пембльчук, калі яна падышла да нас.
— Дык гэта Піп? — перапытала маладая лэдзі, якая была вельмі прыгожая і, як відаць, вельмі ганарлівая. — Уваходзь, Піп.
Містэр Пембльчук таксама хацеў увайсці, але яна зачыніла калітку перад яго носам.
— Хіба вы хацелі бачыць міс Гевішам? — запыталася яна.
— Так, калі міс Гевішам жадае бачыць мяне, — адказаў сканфужаны містэр Пембльчук.
— А! — сказала дзяўчынка. — Але, ці бачыце, яна зусім гэтага не жадае.
Гэта было выказана такім рашучым, не дапускаючым пярэчання тонам, што містэр Пембльчук, не гледзячы на сваю зняважаную годнасць, не пасмеў пратэставаць. Затое ён строга зірнуў на мяне, нібы я
42