Нарэшце мы падышлі да нейкіх дзвярэй, і яна сказала мне:
— Уваходзь.
Я адказаў хутчэй з сарамлівасці, чым з прыстойнасці:
— Спачатку вы ўвайдзіце, міс.
— Не дурыся, хлопчык! Я туды не пайду.
Яна важна прайшла міма і — што яшчэ горш — панесла свечку з сабою.
Гэта было вельмі непрыемна. Мне стала амаль страшна. Аставалася адно: пастукаць у дзверы. У адказ на мой стук нехта загадаў мне ўвайсці. Я ўвайшоў і апынуўся ў даволі вялікім пакоі, ярка асветленым васкавымі свечкамі. Ніводнага променя дзённага святла не пранікала ў гэты пакой. Мяркуючы па мэбліроўцы, гэта быў будуар, хаця прызначэнне і форма многіх прадметаў былі мне ў той час зусім невядомы. Больш за ўсё звяртаў на сябе ўвагу задрапіраваны стол з вызалачаным люстрам, і я адразу здагадаўся, што гэта, як відаць, туалетны стол важнай пані.
У мяккім крэсле, абапёршыся адной рукою на стол і нахіліўшы галаву на гэтую руку, сядзела такая незвычайная істота, якой я ніколі не бачыў, ды наўрад ці і ўбачу калі-небудзь.
Яна была адзета вельмі багата — у атлас, карункі і шоўк, усё белага колеру. Чаравікі на ёй былі таксама белыя. З галавы яе апускалася доўгая белая фата, і ў валасах былі шлюбныя кветкі, але валасы былі зусім сівыя. Велізарныя брыльянты мігцелі ў яе на шыі і на руках і былі раскіданы на стале. Плацці, менш раскошныя, чым тое, што было на ёй, і напалову ўпакаваныя чамаданы бязладна валяліся па ўсім пакоі. Яна, відаць, не зусім яшчэ скончыла свой туалет: на ёй быў толькі адзін чаравік, другі ляжаў каля яе на стале; фата была прыколата толькі напалову, гадзіннік і ланцужок яшчэ не надзеты, карункі для ліфа разам з брыльянтамі, на-
44