У гэтым мудрым разважанні таіўся прамень надзеі, і яна падбадзёрыла мяне.
— Ці не лепш, — казаў далей задуменна Джо, — ці не лепш для людзей звычайных па званню і па дастатку мець знаёмства з такімі-ж звычайнымі людзьмі, а не хадзіць гуляць з незвычайнымі?.. Дарэчы, спадзяюся, флагі былі там?
— Не, Джо.
— Шкада, што не было флагаў… Лепш гэта было-б ці горш, цяпер позна ўжо вырашаць, — сястра твая разваюецца, а да гэтага не трэба дапускаць, ва ўсякім выпадку не трэба выклікаць гэтага. Слухай-жа, Піп, што табе скажа твой шчыры друг. Вось што скажа табе твой шчыры друг. Калі ты не можаш стаць незвычайным прамой дарогаю, дык не дабрацца табе да гэтага і крывым шляхам. А таму, Піп, ніколі больш не хлусі, жыві сумленна, сумленна і памрэш.
— Ты не злуеш на мяне, Джо?
— Не, дружа мой. Але, прымаючы пад увагу, які гэта быў страшэнна смелы жарт, — я кажу пра сабачую грызню і цялячыя катлеты, — я параіў-бы табе, як шчыры прыяцель, калі ты ляжаш у пасцель, падумаць аб гэтым. Вось і ўсё, стары дружа, не рабі гэтага больш, і справа скончана.
Калі я прышоў у свой маленькі пакойчык, я не забыў парады Джо; але юнацкі розум быў так няўдзячна настроены, што, лежачы ў пасцелі, я доўга яшчэ думаў аб тым, якім звычайным паказаўся-б Эстэле Джо, просты каваль, якімі заскарузлымі знайшла-б яна яго рукі і якімі грубымі яго боты. Я думаў аб тым, што Джо і мая сястра сядзяць цяпер на кухні, і аб тым, што і сам я прышоў сюды з кухні, а міс Гевішам і Эстэла ніколі не сядзяць на кухні і палічылі-б гэта за знявагу для сябе. Я заснуў, прыпамінаючы ўсё, што зрабіў у міс Гевішам, і мне здавалася, што я прабыў там цэлыя тыдні і месяцы, а не якіх-небудзь дзве-тры гадзіны,
56