— Сёння дзень майго нараджэння, Піп. У гэты самы дзень, задоўга да твайго нараджэння, сюды прынеслі вось гэту старую дрэнь, — і яна, не дакранаючыся, паказала сваім кастылём на зацягнуты павуціннем высокі грыб на стале. — Мы састарэліся разам. Мышы патачылі яго, але зубы вастрэй мышыных патачылі мяне. — Калі ўсё разбурыцца, — казала далей яна, пазіраючы перад сабою згаслым, мярцвяным позіркам, — і калі мяне пакладуць мёртвую ў шлюбным плацці на вясельны стол, — тады над ім збудзецца пракляцце. Як было-б добра, калі-б гэта здарылася ў гэты самы дзень!
Яна стаяла і глядзела на стол, нібы на ім ужо ляжала яе цела. Я не варушыўся. Эстэла вярнулася і таксама не рухалася. Мне здалося, што мы прастаялі так вельмі доўга.
Нарэшце міс Гевішам сказала, раптам выходзячы з свайго задумення:
— Я хочу паглядзець, як вы гуляеце ў карты. Чаму вы не пачынаеце?
Тады мы вярнуліся ў яе пакой і селі гуляць, як і ў мінулы раз. Я зноў астаўся дурнем, і зноў міс Гевішам увесь час сачыла за намі і старалася звярнуць маю ўвагу на прыгажосць Эстэлы, прыкладваючы свае брыльянты да яе грудзей і валасоў.
Калі мы згулялі разоў шэсць, мне назначылі, калі прыходзіць, і вывелі на двор, каб накарміць па-ранейшаму як сабаку. Тут мяне зноў пакінулі прагульвацца на свабодзе.
Ні на хвіліну не сумняваючыся, што дом пусты, я зазірнуў у нейкае акно і на вялікае маё здзіўленне сустрэўся вачыма з такім-жа здзіўленым позіркам бледнага маладога джэнтльмена з чырвонымі павекамі і светлымі валасамі. Бледны малады джэнтльмен быстра знік і з‘явіўся зноў, але ўжо каля мяне. Калі
70