нанні ўсіх гэтых фармальнасцей, зноў налятаў на мяне з такім пераможным выглядам, што я ўсякі раз быў упэўнены, што цяпер ён ужо напэўна прыкончыць мяне. Ён быў страшэнна збіты, таму што на мой вялікі сорам я павінен прызнацца, што біў яго ўсё больш і больш балюча, але ён зноў і зноў кідаўся на мяне, пакуль нарэшце не бразнуўся патыліцаю аб сцяну. Нават і пасля гэтага ён ускочыў і закруціўся на месцы, адшукваючы мяне, але скончылася гэта тым, што ён падпоўз на каленях да губкі, падкінуў яе і сказаў:
— Гэта значыць — ты перамог.
Ён выглядаў такім храбрым і нявінным, што, хоць і не я выклікаў яго на бой, перамога не прынесла мне вялікага задавальнення. Я адзеўся, выцер пот з твара і сказаў: «Ці не магу я вам чым-небудзь дапамагчы?», на што ён адказаў: «Не, дзякуй вам». Тады я сказаў: «Добры вечар», а ён: «І вам таго-ж».
Калі я вышаў на двор, я ўбачыў Эстэлу, якая чакала мяне з ключамі. Яна не запыталася ў мяне, ні дзе я быў, ні чаму прымусіў яе чакаць; твар яе ярка зачырванеўся, нібы яна нечаму вельмі ўзрадавалася. Замест таго, каб ісці проста да варот, яна ўвайшла назад у карыдор і паклікала мяне:
— Ідзі сюды! Можаш пацалаваць мяне, калі хочаш.
Яна падставіла шчаку, і я пацалаваў яе. Я думаю, я шмат чым афяраваў-бы, каб пацалаваць яе ў шчаку. Але цяпер я адчуваў, што яна дала гэты пацалунак грубому вясковаму хлапчуку, як падала-б яму грош, і што пацалунак гэты нічога не варт.
РАЗДЗЕЛ XI
Я вельмі непакоіўся, успамінаючы бледнага маладога джэнтльмена. Чым больш я думаў пра нашу бойку і ўяўляў сабе бледнага маладога джэнтльмена,
73