ляжачага на спіне, тым больш я пераконваўся, што гэта не можа прайсці для мяне беспакарана. Я адчуваў, што кроў бледнага маладога джэнтльмена падзе на маю галаву, і закон адпомсціць за яе.
Калі прышоў дзень, у які я павінен быў з‘явіцца на месца свайго злачыннага дзеяння, страх мой дайшоў да апошняй мяжы.
Але будзь што будзе, а я павінен быў ісці да міс Гевішам — і пайшоў. І ўявіце, мой паядынак не меў ніякіх вынікаў! Ніхто нават не загаварыў аб ім, і ў доме не было ніякіх слядоў бледнага маладога джэнтльмена.
На шырокай пляцоўцы паміж пакоем міс Гевішам і тым, дзе стаяў вялікі накрыты стол, я ўбачыў садовае крэсла на колах, з тых, якія можна рухаць, папіхаючы ззаду. Крэсла з‘явілася тут пасля майго апошняга наведвання, і з гэтага дня маім пастаянным заняткам зрабілася вазіць у ім міс Гевішам (калі яна стамлялася хадзіць, апіраючыся на маё плячо) вакол яе пакоя, па пляцоўцы і па вялікім пакоі насупроць. Кожны раз, з‘яўляючыся сюды, я браўся за гэты занятак, і часам ён цягнуўся па тры гадзіны без перапынку. З таго дня было вырашана, што я буду хадзіць праз дзень, і так прадаўжалася, прынамсі, восем або дзевяць месяцаў.
Аднойчы міс Гевішам, апіраючыся на маё плячо ў часе адной з нашых прагулак, раптам спынілася і сказала мне з некаторай нездаволенасцю:
— Піп, ты робішся залішне вялікім.
Яна паглядзела на мяне, потым яшчэ раз і яшчэ; нарэшце нахмурыла бровы і задумалася.
У наступны мой прыход, калі наша звычайная прагулка скончылася і я павёў яе да туалета, яна спыніла мяне нецярплівым рухам пальцаў:
— Як завуць твайго каваля?
— Джо Гарджэры, мэм.
74