— А, Піп, ты-ж ведаеш, — адказаў Джо тонам дакору, — ты сам бачыў, як я паклаў іх у капялюш, значыць, яны і цяпер там.
З гэтымі словамі ён выняў паперы і падаў, але не міс Гевішам, а мне. Баюся, што мне было сорамна майго добрага таварыша; так, я сароміўся яго, калі ўбачыў, што Эстэла стаіць за крэслам міс Гевішам, і вочы яе хітра смяюцца. Я ўзяў ад яго паперы і перадаў іх міс Гевішам.
— Можа, вы разлічваеце атрымаць узнагароду за хлопчыка? — запыталася яна, праглядзеўшы паперы.
— Джо! — сказаў я яму, таму што ён маўчаў, — што-ж ты не адказваеш?
— Піп, — рэзка перапыніў мяне Джо, нібы адчуваў сябе глыбока зняважаным, — я думаю, гэтае пытанне недарэчы паміж мною і табою, і ты ведаеш, што адказ можа быць толькі адзін: «не». Ты-ж ведаеш, што «не», Піп, навошта-ж ты пытаеш?
Міс Гевішам зірнула на яго так, нібы цяпер зразумела, што гэта за чалавек, і, узяўшы са стала невялікі кашалёк, сказала:
— Піп заслужыў узнагароду, вось яна. У гэтым кашальку дваццаць пяць гіней. Перадай іх твайму гаспадару, Піп.
Зусім ашаломлены і гэтай дзіўнай асобаю, і не менш дзіўным пакоем, Джо нават і цяпер усё звяртаўся да мяне.
— Ты вельмі шчодры, Піп, — сказаў ён, — і падарунак твой прымаецца з удзячнасцю, хоць яго і не думалі дабівацца. Ну, а цяпер, старына (тут мяне кінула спачатку ў гарачку, а потым у холад, бо я падумаў, што гэтае фамільярнае абыходжанне адносіцца да міс Гевішам), цяпер, старына, нам трэба выканаць наш абавязак! Так, выканаць наш абавязак — абодвум разам і кожнаму паасобку — у адносінах да тых, хто пера-
78