мужнюю жанчыну! А муж стаіць тут і лыпае вачыма! О! О! О!
Тут сястра, уволю накрычаўшыся, пачала біць сябе ў грудзі, сарвала з сябе чэпчык і пачала рваць валасы, — гэта была апошняя стадыя на шляху да шаленства. Ператварыўшыся цяпер у сапраўдную фурыю, яна кінулася да дзвярэй, якія я, на шчасце, паспеў замкнуць.
Што аставалася рабіць небараку Джо пасля таго, як усе яго заўвагі прапусцілі міма вушэй? Ясна, — падыйсці да работніка і запытацца ў яго, якое права ён меў умешвацца паміж ім і місіс Джо і ці хопіць у яго смеласці выйсці сам на сам. Орлік зразумеў, што яму аставаўся толькі адзін выхад, і заняў абарончую пазіцыю. Не здымаючы нават сваіх закопчаных фартухоў, яны схапіліся як два волаты. Але я не бачыў чалавека, які мог-бы ўстаяць супроць Джо. І Орлік неўзабаве апынуўся ў кучы вугальнага пылу, з якога і не спяшаўся падымацца. Тады Джо адамкнуў дзверы, падняў сястру, якая ўпала ў непрытомнасці каля акна, мусіць, спачатку нацешыўшыся відовішчам бойкі, аднёс яе ў дом, паклаў на пасцель і пачаў угаварваць апамятацца, але яна толькі кідалася і запускала рукі ў валасы Джо. Затым усё сціхла, і я пайшоў наверх апранацца з такім пачуццём, нібы была нядзеля, або ў доме хто-небудзь памёр.
Калі я сышоў уніз, Джо і Орлік падмяталі кузню, і толькі рассечаная наздра Орліка напамінала аб тым, што здарылася непаразуменне. З «Вясёлых Грабцоў» з‘явіўся кубак піва, і яны па чарзе прыкладаліся да яго самым мірным чынам.
Не стану апісваць ні тых пачуццяў, з якімі я ішоў да міс Гевішам, ні таго, як я ледзь было не пайшоў назад, не пазваніўшы, і напэўна пайшоў-бы, калі-б
89