Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/93

Гэта старонка не была вычытаная

— Што здарылася? — запытаў я, спяшаючыся за ім следам. Орлік бег побач са мною.

— Я не разабраў добра. Нехта ўварваўся да вас, калі Джо Гарджэры не было дома. Думаюць, што беглыя. Кагосьці паранілі.

Мы беглі так хутка, што было ўжо не да роспытаў, і спыніліся толькі, апынуўшыся ў нашай кухні. У ёй было поўна народу; уся вёска стоўпілася тут і на двары. На кухні быў лекар, Джо і цэлы натоўп жанчын; усе яны вазіліся пасярод кухні, на падлозе. Бяздзейныя гледачы пры маім з‘яўленні расступіліся, і я ўбачыў сястру, якая ляжала нерухома на голай падлозе; яе зваліў страшэнны ўдар па патыліцы, нанесены невядома кім у той час, як яна стаяла каля печы, павярнуўшыся тварам да агню. І гэты твар цяпер выразна гаварыў, што яна ніколі ўжо больш не будзе «кіпяціцца».


РАЗДЗЕЛ XV

Вось аб чым я даведаўся.

Джо курыў сваю люльку ў шынку «Трох Вясёлых Грабцоў» з чвэрці дзевятай гадзіны да без чвэрці дзесятай. Пакуль ён быў там, сястру бачылі ля дзвярэй нашай кухні: бачыў яе работнік аднаго фермера, які вяртаўся дадому і прывітаўся з ёю, праходзячы міма. Гэты чалавек не мог з дакладнасцю вызначыць час, калі ён яе бачыў, але ён цвёрда памятаў, што яшчэ не было дзевяці. Калі ў дзесяць гадзін без пяці хвілін Джо вярнуўся дадому, ён ужо знайшоў яе ляжачай на падлозе і пачаў зваць на дапамогу. Агонь у пакоі палаў яшчэ даволі ярка, і нагар у свечцы быў невялікі; аднак, свечка была пагашана.

Усё ў доме было цэла, і ў кухні не аказалася ніякага асаблівага непарадку, толькі свечка, якая стаяла на стале, была пагашана, ды падлога заліта крывёю.

92