Старонка:Вялікія чаканні (1940).djvu/97

Гэта старонка не была вычытаная

без усякіх пярэчанняў. Усё ў змрочным старым доме аставалася па-ранейшаму нязменным. Яго фантастычная абстаноўка ашаламляла мяне, збівала мяне з толку, і пад яе ўплывам я па-ранейшаму ад ўсяго сэрца ненавідзеў маё рамяство і сароміўся майго дома.

Паступова я пачаў заўважаць вялікую перамену ў Бідзі. Яе чаравікі ўжо не звальваліся з ног, доўгія валасы былі прыгладжаны, рукі заўсёды чыстыя. Яна не была прыгожая і не магла зраўняцца з Эстэлаю, але ў ёй было шмат дабраты, мілавіднасці і шчырай весялосці. Яна прабыла ў нас ужо каля года, калі, неяк раз увечары, я заўважыў, што ў яе незвычайна задуменныя, глыбокія вочы, вельмі прыгожыя і вельмі добрыя.

Яна ўхітралася весці адна ўсю нашу хатнюю гаспадарку і рабіла гэта вельмі добра.

— Як вы ўхітраецеся, Бідзі, — запытаўся я яе, — вывучаць усё, што і я, і ніколі не адставаць ад мяне?

Я ў гэты час пачынаў ганарыцца сваёю вучонасцю, таму што траціў на яе ўсе гінеі, якія атрымліваў у дзень нараджэння, і большую частку сваіх дробных грошай. Хоць цяпер я лічу, што тое нямногае, што я ведаў тады, было куплена вельмі дарагою цаною.

— Я магла-б вам задаць такое самае пытанне, — адказала Бідзі.

— Дык-жа ўсе бачаць, як я вечарамі, вярнуўшыся з кузні, бяруся за кнігу, а вас ніхто не бачыць за кнігаю!

— Мабыць, пытанне прыстае да мяне, як кашаль, — адказала спакойна Бідзі і ўзялася за шыццё.

Я ўспомніў, што яна вельмі добра ведала ўсе тэрміны нашага рамяства, назвы ўсялякіх кавальскіх работ і інструментаў. Адным словам, усё, што ведаў я, ведала і Бідзі.

96