Старонка:Вялікія чаканні (1940).pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

боты ручку і пачала ласкава гладзіць мяне па плячу, а я не пакідаў раўсці, уткнуўшы твар у рукаў.

— Я рада аднаму, — сказала Бідзі: — таму, што вы адважыліся прызнацца мне, Піп, і яшчэ таму, што я заслугоўваю вашага давер‘я, і вы гэта ведаеце. Можаце быць спакойны, я захаваю вашу тайну. Калі-б ваш першы настаўнік мог і цяпер быць вашым настаўнікам, здаецца, ён ведаў-бы, які задаць вам урок. Але гэты ўрок не лёгкі, і потым вы ўжо апярэдзілі вашага настаўніка, так што не варта гаварыць аб гэтым.

Спакойна ўздыхнуўшы, Бідзі ўстала і ўжо зусім іншым, свежым і вясёлым голасам запытала:

— Што-ж, пойдзем далей ці вернемся дадому?

— Бідзі! — усклікнуў я, абнімаючы яе за шыю і цалуючы. — Я заўсёды буду гаварыць вам усё.

— Пакуль не зробіцеся джэнтльменам, — сказала Бідзі.

— Але-ж вы ведаеце, што гэтага ніколі не будзе, значыць — заўсёды. Аднак, што я вам буду, гаварыць? Вы і так ведаеце ўсё, што ведаю я. Памятаеце, я вам ужо казаў у той вечар.

— Ах! — ціхенька ўздыхнула Бідзі, потым раптам павярнулася да мяне і паўтарыла ранейшым вясёлым тонам: — што-ж, пойдзем далей ці вернемся дадому?

Я сказаў: «пойдзем далей», і мы пайшлі. Ясны летні дзень хіліўся да вечара; надвор‘е было чароўнае. Я пачаў раздумваць, ці не было маё становішча пры цяперашніх умовах больш натуральнае і разумнае, чым калі я гуляў у дурні пры свечках сярод белага дня ў пакоі са спыненым гадзіннікам, пагарджаемы Эстэлаю. Я задаваў сабе пытанне, ці не здаецца мне, што, калі-б была са мною ў гэтую хвіліну не Бідзі, а Эстэла, яна здолела-б атруціць мне гэты вечар? Я павінен быў прызнацца, што не толькі так думаю,